Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На запусты — вершаў густа. Напярэдадні посту ў Лучаі адбыўся музычна-паэтычны карнавал
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
12.02.2013 12:13

Каталіцкія запусты (або карнавал) звычайна суправаджаюцца маскарадамі, шэсцямі, гульнямі і традыцыйнымі стравамі. У Лучайскім касцёле св. Юды Тадэвуша свята ладзілася 10 лютага і прайшло без усіх вышэйпералічаных забаў. Але ад гэтага не стала менш яркім і запамінальным.

Традыцыя адзначаць запусты з’явілася ў даўнія часы. Калі аснову эканомікі складала сельская гаспадарка, калі посту прытрымліваліся вельмі строга, а зімовы час даваў селяніну доўгачаканы адпачынак ад бясконцых турботаў, тады карнавал перад Вялікім постам быў самым бесклапотным перыядам у годзе. На сталах яшчэ панавалі тлустыя, мясныя стравы (нездарма існавала прыказка: «На запусты не хоча панства капусты»), на двары не сціхалі песні і не спыняліся танцы.

Сучасныя католікі і праваслаўныя не разгублялі старадаўніх традыцый, яны захоўваюцца ў шматлікіх хрысціянскіх гарадах і рэгіёнах. А часам адзначаюцца па-новаму.

У Лучаі заканчэнне карнавалу стала музычна-паэтычным. Пасля святой Імшы ў касцёле выступілі вядомыя ў Беларусі і за яе межамі аўтары — паэт Леанід Дранько-Майсюк і паэт, бард Эдуард Акулін.

На Пастаўшчыне яны прэзентавалі свае творы ўпершыню. Леанід Дранько-Майсюк, паэт адметнага стылю, сапраўдны майстар беларускага слова, прачытаў свае вершы, у якіх прызнаўся ў любові да Беларусі, мовы, жыцця.

«Мне вельмі прыемна выступаць перад вамі ў гэтых намоленых сценах, — звярнуўся паэт да парафіянаў, сярод якіх было нямала гасцей з іншых парафій. — Я наведаў, бадай, усе еўрапейскія сталіцы — быў у Афінах, Бруселі, Парыжы, Берліне. Але заўсёды з вялікім задавальненнем прыязджаю ў вёску. Тут асаблівая атмасфера. Я вельмі рады, што мне пашчасціла пабываць у гэтых дзівосных мясцінах на радзіме генія беларускай літаратуры Уладзіміра Дубоўкі. Спадзяюся, што сюды яшчэ давядзецца вярнуцца».

Самыя найлепшыя ўражанні ад Лучая засталіся і ў Эдуарда Акуліна. Яго выступленне выклікала непадробнае захапленне прысутных. Шчырыя пранізлівыя вершы, такія ж песні — так не хацелася, каб яны пераставалі гучаць. Дарэчы, адну з самых знакамітых песень барда — «Янка Купала» — прысутныя праспявалі разам.

Вершы і песні — не адзіныя падарункі, якія прывезлі з сабой сталічныя госці. Эдуард Акулін уручыў мясцоваму ксяндзу Мікалаю Ліпскаму дыскі з уласнымі песнямі, часопісы «Дзеяслоў» (бард працуе намеснікам рэдактара гэтага выдання), кнігі беларускіх паэтаў і публіцыстаў. Леанід Дранько-Майсюк пакінуў на памяць зборнікі сваіх твораў: раздаў і падпісаў іх усім жадаючым.

На памяць ад лучайцаў творцы атрымалі абразы заступніка парафіі — святога Тадэвуша і шматлікія словы ўдзячнасці.

Каля гадзіны лілася ў касцёле беларуская мова — сапраўдная, сакавітая, якую сёння так рэдка пачуеш… Мы, прысутныя, атрымалі вялікую асалоду ад яе незвычайна прыгожага, шчырага гучання. Дзякуй паэтам, якія знайшлі час наведаць пастаўскую глыбінку, і, безумоўна, арганізатарам — Таццяне Бензе і Мікалаю Ліпскаму — за магчымасць сустрэцца з надзвычай таленавітымі майстрамі роднага слова.

Іна Сняжкова

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў