На абразку няма ні даты, ні месца друку, ні пазнакі аб дазволе духоўнай
улады на друк. Паходжанне абразка — загадка. Каляровы
друк з залацістымі ўстаўкамі быў характэрны для абразкоў, датаваных ад
1890-х да пачатку Першай Сусветнай вайны. Гэты абразок Маці Божай Вастрабрамскай я знайшоў паміж старонак кніжачкі «Żywy różaniec», якую летась даслала мне Юлія Цярэнцьева з вёскі Зарачча на Браслаўшчыне. Аднойчы Юлія напісала, што ў яе ёсць старыя каталіцкія выданні і папрасіла парады, што з імі рабіць. Я прапанаваў даслаць іх мне і паабяцаў перадаць іх у музей Віцебскай дыяцэзіі, калі ён будзе створаны (размовы пра музей ходзяць у дыяцэзіі не першы год).
У старых малітоўніках і рэлігійных кніжках часта можна знайсці папяровыя абразкі. Іх укладалі як закладкі між старонкамі ці проста, каб не згубіўся. Разгарнуўшы кніжачку «Żywy różaniec», якую даслала мне Юлія, я знайшоў моцна патрапаны каляровы абразок Маці Божай Вастрабрамскай. Перагарнуў яго — і быў вельмі здзіўлены.
На зваротным баку абразка быў надрукаваны верш па-беларуску лацінкай. Частка тэксту страчана, аднак лёгка было зразумець, што гэта за верш. «Матачка Божая, Матачка Добрая, бедныя дзеці мы клічам Цябе…» — песню на гэтыя словы, злёгку змененую, сёння спяваюць у многіх беларускіх касцёлах.
Простыя і натхнёныя словы, напісаць якія мог толькі такі аўтар, які не толькі паэтычны дар меў, але і добра ведаў душу беларуса-селяніна.
Матачка Божая, Матачка добрая, Бедныя дзеці, мы клічам Цябе. Песняй пакорнаю мольбы складаючы, Сэрцы свае аддаём мы Табе.
Нас, сваіх дзетачак, што ў Цябе просяцца Матачка Добрая, Ты пашкадуй; Ласкай аджыўчаю Бога Прадвечнага, Матачка Божая, нас абдаруй.
Вылеч Ты сэрца нам раны глыбокія, Міласцяй чыстаю нас запалі, Каб хвала Божая ўмест жальбы вечныя, Ў неба ляцела, ляцела з зямлі. Светам нябесным галовы нам цёмныя, Матачка Божая, Ты асвяці, Каб мы пазналі Мудрасць Адвечную, Богу служылі тут верна ў жыцці. Дай жа нам, дзеткам, дарожаньку простую, Хвіліну смерці шчасьлівую дай. Вядзі нас, Матачка, зоранька ясная, У вечную хвалу, у цудны Божы рай.
Гэтая рэлігійная песня лічыцца народнай. У пачатку ХХ стагоддзя яе паклаў на музыку ксёндз Фабіян Абрантовіч, які быў беларусам і ідэйным прыхільнікам беларускага адраджэння. Песня была надрукаваная ў малітоўніку «Голас душы», выдадзеным у 1926 годзе ў Вільні. Укладальнікам гэтага малітоўніка быў ксёндз Канстанцін Стэповіч.
На абразку няма ні даты, ні месца друку, ні пазнакі аб дазволе духоўнай улады на друк. Паходжанне абразка — загадка. Трэба сказаць, што каляровы друк з залацістымі ўстаўкамі быў характэрны для абразкоў, датаваных ад 1890-х да пачатку Першай Сусветнай вайны. Прынамсі такую выснову можна зрабіць, прааналізаваўшы калекцыю каталіцкіх абразкоў, якую я сабраў у ваколіцах Глыбокага. Абразкі, датаваныя міжваенным перыядам, такога афармлення не мелі. Гістарычных звестак пра друк беларускіх абразкоў перад Першай Сусветнай вайной вельмі мала. У 1912 годзе Рамуальд Зямкевіч перасылаў Аляксандру Ельскаму «абразок Маці Божай Вастрабрамскай з вершаванай малітвай пяра Сыракомлі. Ці не адзін з абразкоў гэтага выдання знайшоўся на Браслаўшчыне?
Працяг чытайце тут››
Кастусь Шыталь, nn.by
|