Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікодная вечарына ў Квасоўцы: Уваскрасенне Хрыстовае – свята веры, надзеі і любові
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.04.2013 12:20

7 красавіка ў парафіi Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы адбылася вечарынa "Хрыстус уваскрос!". Праграма ўключала тэатральную пастаноўку "Таямніца адкуплення” і пасхальны канцэрт.

У мясцовым Доме культуры на святочнай вечарыне, ініцыятарам якой выступіў кс. Ян Занеўскі, сабраліся вернікі Квасоўкі і наваколля, прыбылі госці з Гродна і Росі.

У тэатральнай пастаноўцы пра апошнія хвіліны жыцця Езуса і Яго хвалебнае ўваскрасенне маладыя акцёры ўмела спалучылі гэтыя падзеі з праблемамі, актуальнымі для сучаснай моладзі.

Бог прагне, каб мы былі шчаслівыя, а таму дае нам канкрэтныя рэкамендацыі – запаведзі. Менавіта на гэта ўказалі ў пастаноўцы маладыя акцёры: Божыя запаведзі дапамагаюць належным чынам сфарміраваць сумленне – аснову і крыніцу сапраўднай радасці. Некалькі разоў у сцэнарыі было падкрэслена, што “свабода будзе там, дзе ў чалавечых сэрцах валадарыць Бог”. У сучасным свеце толькі той чалавек, які кіруецца сумленнем, можа дакладна і ясна сказаць, чым з’яўляецца годнасць чалавека. Можа акрэсліць межы гэтай годнасці, а таксама абгрунтаваць, адкуль яна паходзіць і для чаго ўвогуле існуе.

На заканчэнне інсцэніроўкі дзеці і моладзь разам са сваім душпастырам супольна памаліліся, запрасіўшы Бога кіраваць іх жыццём.

Другой часткай вечарыны стаў велікодны канцэрт, падчас якога выступіла шмат здольных і крэатыўных маладых талентаў. Упершыню выступіла група дзяцей ва ўзросце 5-9 гадоў, якія сваім спевам “І вялікі, і маленькі можа святым быць” заваявалі публіку. На сцэну выйшлі таксама парафіяльныя гурты “Іскрынка”, “Dies Domini” і “MAJ”.

У кожным спеве гучала радаснае “Аллелюя” – маладыя артысты спявалі кожнаму: Хрыстус уваскрос! А Яго ўваскрасенне з’яўляецца для хрысціянаў святам веры, бо мы верым, што на трэці дзень Хрыстус змёртвыхпаўстаў; святам надзеі, бо не толькі ўмацоўвае нас у веры, але і ўмацоўвае ў перакананні, што таксама і мы калісьці змёртвыхпаўстанем; святам любові, бо Хрыстус з любові да чалавека праліў сваю кроў, аддаў жыццё.

Варта дадаць, што ў квасоўскай парафіі існуе некалькі музычных груп, што аб’ядноўваюць дзяцей і моладзь рознага ўзросту, якія сваім спевам праслаўляюць Бога і, як казаў св. Аўгустын, такім чынам “два разы моляцца”. Свае выступленні яны не абмяжоўваюць толькі сценамі парафіі ці мясцовага клуба, але выступаюць і на розных сустрэчах дыяцэзіяльнага маштабу, сваім спевам дадаюць бляску многім рэлігійным урачыстасцям.

З гэтай вечарыны, напэўна, кожны прысутны ўзяў для сябе важны ўрок: трэба заўсёды мець у сваёй душы Бога, выхоўваць на Яго запаведзях сваё сумленне і кіравацца ім у сваім жыцці.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.