Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Свіслачы католікі і праваслаўныя разважалі над сакрэтам здаровай сям’і |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
17.12.2012 15:13 |
«Духоўнасць і маральныя паводзіны — сакрэт здаровай сям’і». Пад такой тэмай прайшла міжканфесійная сустрэча з удзелам каталіцкіх і праваслаўных святароў, а таксама свецкіх вернікаў у свіслацкім Доме культуры 14 снежня. Сустрэча была арганізавана ў межах акцыі «Прафілактыка і Ты».
Пробашч парафіі ў Квасоўцы кс. Ян Занеўскі ў сваім дакладзе на тэму «Касцёл і сям'я — аазісы веры і выхавання маладога пакалення» святар нагадаў пра сэнс распачатага ў Касцёле Года веры. «Вера — гэта адна з боскіх цнотаў. Цноты — вера, надзея і любоў — таму называюцца боскімі, што адносяцца да Бога, паходзяць ад Яго і з’яўляюцца для нас дарам. Сама вера звязана з надзеяй і любоўю. Цнота веры даецца чалавеку, каб ён мог наладзіць асабістыя адносіны з Богам. Гэтая цнота ажыўляе маральнае жыццё чалавека», — падкрэсліў кс. Занеўскі. Разважаючы пра сутнасць веры чалавека, святар адзначыў, што «заўсёды павінна быць двухбаковае вымярэнне — Бог і ты. Вера — гэта перш за ўсё ласка, дар самога Бога, а толькі потым ідзе наш адказ на гэты дар». Асаблівую ўвагу кс. Занеўскі звярнуў на выхаваўчую ролю бацькоў у сям’і, якія закладваюць падмурак для сваіх дзяцей — перадаюць ім веру: «Крыніца ўсіх крызісаў — крызіс духоўны. З гэтага вынікае, што асабліва цяпер Касцёл і сям’я павінны быць аазісам веры і асяродкам выхавання маладога пакалення. Многія адыходзяць ад веры, бо былі ў ёй ахрышчаныя, але не выхаваныя ў веры. Сёння шмат ахрышчаных, але мала тых, хто атрымаў евангелізацыю. Можна верыць у Бога і адначасова не ведаць Яго. Таму, каб мець веру, трэба перш больш пра яе разважаць. Святы Айцец кажа: „Вы павінны ведаць тое, у што верыце; павінны ведаць сваю веру з такой дасканаласцю, з якой праграміст ведае аперацыйную сістэму камп’ютара; як музыкант ведае сваю партыю“». Настаяцель праваслаўнага прыхода ў Свіслачы а. Андрэй Русак у сваім дакладзе разважаў на тэму любові: «Любоў — адна з боскіх цнотаў, неабходная да збаўлення. Любоў — падмурак любога выхавання». Важнай часткай сустрэчы стала дыскусія, падчас якой святары адказвалі на пытанні вернікаў. На заканчэнне арганізатар сустрэчы — загадчык Свіслацкага Дома культуры Марына Беляніца — адзначыла, што падобныя мерапрыемствы «садзейнічаюць ўмацаванню міру і міжканфесійнага паразумення ў грамадстве». Хочацца, каб такое супрацоўніцтва Касцёла і Царквы ў Свіслачы і Квасоўцы працягвалася і надалей. Паводле Паўла Леванца, kwasowka.grodnensis.by (JLS) |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.