Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сінод: увага да моладзі, шукаючай Бога, разуменне свабоды і шляхі евангелізацыі
Дзяржава Ватыкан
17.10.2012 20:10

Моладзь, свабода, паняцце граху, экуменізм і роля СМІ ў новай евангелізацыі — тэмы, якія, між іншым, абмяркоўваліся ўчора і сёння на Сінодзе Біскупаў. У прыватнасці, арцыбіскуп Дубліна кардынал Дыярмуд Марцін заклікаў Касцёл больш увагі звяртаць на моладзь.

«Маладыя людзі, якія шукаюць веру, часта адчуваюць сябе пакінутымі ў сваіх пошуках», — адзначыў ірландскі іерарх. Па словах кардынала, яны часта сустракаюцца з абыякавасцю, неразуменнем і нават варожасцю. Задача ж Касцёла — «умацоўваць сваю прысутнасць у школах і даваць прапанову моладзі, якая да гэтага часу мела павярхоўны кантакт з хрысціянскай верай».

Біскуп Габрыэль Мантэ з Ганы звярнуў увагу на ўзрастанне ўплыву сект у гэтай краіне. Пад асаблівай пагрозай, як адзначыў іерарх, знаходзіцца таксама моладзь, якой секты абяцаюць хуткі поспех і багацце.

Старшыня італьянскага епіскапату кардынал Анджэла Баньяска засяродзіўся на праблеме свабоды ў наш час. Па словах кардынала, паняцце «межы» сёння часта разумецца як нешта негатыўнае. Аднак такое няправільнае разуменне свабоды адбіваецца на разуменні міжчалавечых адносінаў, стаўлення да сям’і і этыкі. Таму, дадаў іерарх, паняцце мяжы трэба разумець «не як слабасць, а як вартасць».

Кардынал Ёханэс дэ Ёнг з Галандыі звярнуў увагу на адсутнасць разумення граху ў сённяшнім свеце, а найперш у кантэксце сям’і. Па словах кардынала, парнаграфія, пазашлюбныя сексуальныя стасункі і аборты прыводзяць да таго, што людзі становяцца закрытымі на веру. Таму, дадаў прамоўца, Касцёлу трэба больш увагі прысвяціць абвяшчэнню каштоўнасці сям’і і жыцця.

На экуменізме ў евангелізацыі спыніўся прыёр супольнасці Тэзэ брат Алаіз Лозэр. Па словах прыёра, «калі моладзь успрымае Касцёл як супольнасць, у ёй расце цікавасць да веры», і гэтая супольнасць «можа быць экуменічнай», бо «нас звязваюць хрост і Божае слова».

Старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі звярнуў увагу на шляхі абвяшчэння веры. Іерарх казаў пра магчымасці, якія даюць евангелізацыі сучасныя СМІ. На патрэбу большага ўдзелу мас-медыя ў евангелізацыі ўказаў і біскуп Эмануэль Бадэйо з Нігерыі. Біскуп падкрэсліў, што Касцёл «павінен казаць больш зразумелай мовай», «выходзіць да людзей у гандлёвых цэнтрах, на вуліцы, у начных клубах» — ва ўсіх месцах, дзе можа адбывацца новая евангелізацыя.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме