Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мінскай архікатэдры адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды імянінаў Мітрапаліта Кандрусевіча
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
30.10.2012 21:42

30 кастрычніка ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды імянінаў Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. У гэты дзень прысутныя ў святыні вернікі ўзгадвалі ў малітве св. Юду Тадэвуша, апостала.

Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Кандрусевіч. Арцыпастыр выказаў падзяку ўсім удзельнікам набажэнства, а таксама падзякаваў Богу за свайго нябеснага апекуна — святога Юду Тадэвуша, які з’яўляецца апекуном у цяжкіх справах. Мітрапаліт нагадаў, што сёння Касцёл у Беларусі перажывае час, калі адраджаюцца яго структуры, і ў гэтым вельмі важная дапамога святога. Іерарх павіншаваў усіх, хто носіць імя Тадэвуш.

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што Хрыстус паклікаў апосталаў, каб яны абвяшчалі Яго слова. Заклікам Езуса было: «Ідзіце і навучайце ўсе народы». Апосталы, працягваў Мітрапаліт, неслі збаўчае Божае слова розным народам, нават коштам свайго жыцця.

Іерарх засяродзіўся на постацях дваіх апосталаў — св. Сымона і св. Юды Тадэвуша. Святога Сымона называюць «руплівым», бо ён, адзначыў Мітрапаліт, сапраўды быў такім у абвяшчэнні Божага слова і ў заснаванні хрысціянскіх супольнасцяў. Святы Юда Тадэвуш лічыцца апекуном у складаных і нават з чалавечага пункту гледжання безнадзейных справах. На працягу стагоддзяў, дадаў арцыпастыр, людзі звярталіся да гэтага святога па дапамогу.

Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў пра Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі, на якім прадстаўляў Беларусь і які завяршыўся ў Ватыкане ў нядзелю. Арцыпастыр адзначыў, што 4 гады таму адбываўся Сінод Біскупаў, прысвечаны Божаму слову ў жыцці і місіі Касцёла. «Божае слова — закон, паводле якога мы павінны жыць», — падкрэсліў іерарх і дадаў, што, бачачы сітуацыю, у якой сёння знаходзіцца вера, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI абвясціў Год веры і скліканне Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі.

Па словах Мітрапаліта, усе ўдзельнікі Сіноду ўзгадалі аб вялікай патрэбе ў наш час новай евангелізацыі, бо, як сказаў Папа падчас адкрыцця Года веры, сучасны чалавек знаходзіцца ў «духоўнай пустыні». Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў пра пытанні, якія абмяркоўваліся на Сінодзе: важнасць рэлігійнага выхавання бацькамі сваіх дзяцей, важнасць асабістага навяртання як духавенства, так і кожнага верніка, і іншыя.

Арцыпастыр падкрэсліў, што «апосталы Сымон і Юда Тадэвуш, якіх узгадвае сёння Касцёл, могуць стаць для нас прыкладам веры». Іерарх заахвоціў вернікаў маліцца аб тым, каб «Бог праз заступніцтва гэтых апосталаў дапамог нам быць моцнымі верай, выйсці з „духоўнай пустыні“, бо без веры няма збаўлення».

Напрыканцы святой Імшы Мітрапаліту былі выказаны віншаванні ў дзень імянінаў. Са словамі шчырых пажаданняў да арцыпастыра звярнуліся канцлер Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Юрый Касабуцкі, сёстры законныя з архідыяцэзіі, прадстаўнікі Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі, прадстаўнікі дабрачыннага каталіцкага фонду «Карытас», Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, прадстаўнікі салезіянскай супольнасці. Іерарха павіншавалі таксама вернікі архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай і кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе айцец Віктар Бурлака.

Са словамі віншавання да Мітрапаліта звярнуўся і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Узгадваючы пра Сінод Біскупаў, на якім Мітрапаліт прадстаўляў Беларусь, Апостальскі Нунцый адзначыў: «У гэтыя дні Вы не былі з намі, але ў гэты час мелі глыбокі досвед — быць блізка да Наступніка святога Пятра». «Мы адчувалі і бачылі, што і Беларусь мае сваё месца ў паўсюдным Касцёле, ганарыліся тым, што і мы прысутнічаем там у Вашай асобе, і яшчэ больш ганарыліся, што мы католікі», — падкрэсліў прадстаўнік Святога Айца.

Па словах арцыбіскупа Гуджэроцці, у той час «мы адчулі, што ўвесь свет сабраўся каля Наступніка святога Пятра», і гэта была «наша моц і суцяшэнне». Нунцый дадаў, што ўвесь Касцёл у Беларусі быў такім чынам з Мітрапалітам Кандрусевічам у Апостальскай Сталіцы на гэтай падзеі.

«Ваш святы апякун, апостал Юда Тадэвуш, і апостал Пётр, ля гробу якога Вы маліліся і працавалі ў гэтыя дні, апякуюцца Вамі ў Вашай душпастырскай працы», — запэўніў Мітрапаліта арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме