Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч пра Сінод Біскупаў: нам трэба найперш пайсці за Хрыстом, каб выканаць Яго даручэнне
Беларусь
29.10.2012 14:53

Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі быў вельмі дынамічным, а найважнейшым яго пасланнем стала заахвочванне да сведчання веры прыкладам свайго жыцця. Так Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які прадстаўляў на Сінодзе Беларусь, падсумаваў гэтую вялікую для ўсяго Касцёла падзею.

Як адзначыў Мітрапаліт у размове з КАІ, на гэтым Сінодзе прымаліся практычныя рашэнні. Іерарх дадаў, што ў доме, дзе ён прабываў у Рыме ў дні Сіноду, пражывала шмат біскупаў з Паўднёвай Амерыкі — «краіны там вельмі каталіцкія, аднак патрабуюць новай евангелізацыі, бо зведваюць вялікі крызіс веры, сям’і і іншых сфер». У Беларусі, падкрэсліў арцыпастыр, таксама існуе вялікі грунт для абміршчэння і маральнага крызісу пасля дзесяцігоддзяў атэізму і барацьбы з рэлігіяй, таму і тут патрэбна новая евангелізацыя.

«Важна, каб біскуп, святар, законніца ці свецкі катэхет перад пачаткам сваёй працы сам глыбока прыняў Пана Езуса. Або, кажучы мовай Другога Ватыканскага Сабору, найперш павінна быць евангелізацыя „ad intra”», — звярнуў увагу Мітрапаліт Кандрусевіч.

Іерарх адзначыў, што вельмі задаволены вялікай увагай, якую Айцы Сіноду звярнулі на народную пабожнасць. Арцыпастыр узгадаў і словы папы Бэнэдыкта XVI падчас адкрыцця Года веры аб тым, што сучасны чалавек знаходзіцца ў «духоўнай пустыні». «Полымя веры прыгасла, і яго трэба нанава распаліць, — дадаў Мітрапаліт. — Як газавая пліта не будзе дзейнічаць, калі няма газу, гэтак жа нам патрэбны ўнутраны „газ“, каб распаліць нашу веру. Гэтым „газам“ з’яўляецца Хрыстус, які павінен зноў прыйсці ў нашы сэрцы».

Мітрапаліт нагадаў выступленне кардынала Цімаці Долана з ЗША, які падкрэсліў, што першымі словамі Езуса да апосталаў было: „Ідзіце за Мной“, апошнімі ж — «Ідзіце і навучайце ўсе народы». «Мы таксама павінны найперш пайсці за Хрыстом, каб выканаць Яго даручэнне», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Арцыпастыр узгадаў і выступленне кардынала Зянона Грахалеўскага, які звярнуў увагу, што сёння людзі шмат ведаюць пра Бога, але не маюць Яго ў сэрцы.

Цікавай, па словах іерарха, была таксама прамова свецкага аўдытара, які адзначыў: «Мы глядзім на вас, святары, вы з’яўляецеся для нас сведкамі». «Лічу, што мы, святары, многае страцілі са сваёй ідэнтычнасці, у тым ліку апранаючыся ў свецкія строі», — заўважыў Мітрапаліт Кандрусевіч, дадаўшы, што духоўная вопратка «прамаўляе да людзей», з’яўляецца сведчаннем і часткай быцця святаром. У першыя гады адраджэння Касцёла на тэрыторыях былога СССР, адзначыў арцыпастыр, святарская сутана або законны строй часта быў для людзей «нават лепшым сведчаннем, чым катэхеза», і вернікі бачылі ў духоўных і кансэкраваных асобах «alter Chrіstus».

Арцыбіскуп падкрэсліў таксама важнасць літургіі і яе аднастайнасці, каб яна не была «іншай» у кожнага асобнага святара.

Па словах Мітрапаліта, вельмі карыснай была прысутнасць на Сінодзе прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх Цэркваў: Канстанцінопальскага Патрыярха, кіраўніка Англіканскай Царквы, дэлегатаў ад некаторых пратэстанцкіх супольнасцяў. «Можна сказаць, што ўсе яны прамаўлялі ў адзін голас: „Мы павінны разам бараніць хрысціянскую веру“», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Іерарх падкрэсліў, што Касцёл у Беларусі знаходзіцца ў «добрых адносінах з іншымі веравызнаннямі, асабліва з праваслаўем». «Мы маем шмат супольных дабрачынных, адукацыйных і сацыяльных праграм, — працягваў арцыпастыр. — Нядаўна мы атрымалі згоду на правядзенне кансультацый у абартарыях. Нам удалося выратаваць ужо шмат чалавечых жыццяў дзякуючы такому практычнаму экуменічнаму супрацоўніцтву з карысцю не толькі для нашых Цэркваў, але і для ўсяго грамадства». Мітрапаліт адзначыў, што студэнты-католікі вучацца на аддзяленні праваслаўнай тэалогіі ва ўніверсітэце ў Мінску, таксама там працуюць выкладчыкі-католікі. На ўрачыстасцях Божага Нараджэння, Вялікадня і іншых важных святах прысутнічаюць прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што «трэба разам абвяшчаць Евангелле».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме