25 ліпеня — свята св. Якуба, апостала |
Каляндар |
24.07.2012 11:16 |
Апостал Якуб, празваны Большым або Старэйшым, быў сынам рыбака Завядзея і Саламеі, братам Яна Багаслова. Падчас занятку рыбнай лоўляй Якуб і яго малодшы брат былі пакліканы Панам. З гэтага часу браты ўжо ніколі не адыходзілі ад Хрыста. Абодва яны былі залічаны да ліку дванаццаці апосталаў. Якуб і яго брат за свой парывісты тэмперамент былі празваныя Езусам Баанергес — Сынамі грому. Святы Якуб разам са сваім братам Янам і святым Пятром быў адным з улюбёных вучняў Езуса. Ім траім Хрыстус, пераважна перад іншымі апосталамі, адкрываў свае боскія таямніцы. Так, калі Ён захацеў аб’явіць сваю Боскую хвалу на гары Табор, то ўзяў з сабою толькі Пятра, Якуба і Яна. Яны ж трое прысутнічалі ў садзе Гетсіманскім, калі Пан, у душэўных цярпеннях маліўся да Бога Айца. Гэтая блізкасць Якуба і Яна да Настаўніка, верагодна, заахвоціла іх звярнуцца з нясціплай просьбай да Пана, каб Ён даў ім сесці па Яго правую і левую руку ў Валадарстве Нябесным. Пан жа адказаў: не ведаеце, чаго просіце. Ён адкрыў братам таямніцы Валадарства Божага і сказаў, што яны будуць піць Яго келіх — зведаюць бедства і пакуты за імя Хрыстова. Прадказанне Пана адносна абодвух братоў споўнілася з дакладнасцю. Пасля спаслання Духа Святога на апосталаў у дзень Пяцідзясятніцы апостал Якуб прапаведаваў Евангелле ў розных краінах. Калі ён вярнуўся ў Ерузалем, то быў страшны, як гром нябесны, для няверуючых юдэяў. Якуб апраўдаў усёй сваёй дзейнасцю імя сына Громава, дадзенае яму Панам пры абранні ў апосталы. Нічога не баючыся, адважна і адкрыта Якуб прапаведаваў, што Хрыстус — сапраўдны Месія, Збаўца свету. Ён строга выкрываў і дакараў фарысеяў і кніжнікаў за іх нявер’е і жорсткасць сэрцаў. Бачачы сілу вучэння апостала Якуба, няверуючыя юдэі разгарэліся жудаснай злосцю на хрысціянаў. Яны заахвоцілі цара Ірада, які валодаў тады ўсёй Юдэяй, распачаць ганенні на хрысціянскі Касцёл і забіць Якуба. Па іх парадзе Ірад пачаў пераследаваць хрысціянаў і загадаў адсекчы галаву апосталу Якубу. Калі Якуб быў асуджаны на смерць, адзін з тых, што паклёпнічаў на яго Іраду, па імені Ёсія, бачачы мужнасць апостала, зразумеў яго нявіннасць, спазнаў праўдзівасць боскага вучэння і паверыў у Хрыста. Ёсія мужна вызнаў сябе хрысціянінам, за што разам з Якубам быў асуджаны на смерць. Іх абодвух у адзін час прывялі да месца пакарання. Тады Ёсія звярнуўся да Якуба, молячы дараваць яму грэх, зроблены па няведанні. «Супакой табе», — сказаў Ёсіі апостал, абняўшы і пацалаваўшы. Пасля гэтага абодва яны схілілі галовы пад меч і ў адзін час памерлі. Гэта здарылася ў 43 ці 44 годзе. Святы апостал Якуб першым з дванаццаці апосталаў прыняў мучаніцкую смерць за Евангелле. Паводле падання, пасля мучаніцкай смерці апостала яго парэшткі былі пакладзены ў лодку і пушчаны па моры. Цудоўным чынам гэтая лодка прыплыла ў Іспанію, дзе святы прапаведаваў раней, і была выкінута на бераг у вусце ракі Улля (там, дзе з’явіцца пазней горад Санцьяга-дэ-Кампастэла). У 813 годзе манах-пустэльнік Пелайё, ідучы за нейкай пуцяводнай зоркай, выявіў каўчэг з парэшткамі, якія заставаліся нятленнымі. У 896-899 гадах кароль Альфонс III выдаў загад, па якім на месцы, дзе знайшлі рэліквіі святога Якуба, павінны былі пабудаваць невялікі касцёл. Само месца было названа Кампастэла (лац. Campus Stellae — месца, пазначанае зоркай). Святы Якуб лічыцца апекуном Іспаніі, вайскоўцаў і пілігрымаў. |