29 чэрвеня — урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла |
Каляндар |
29.06.2017 08:24 |
Каля Цэзарэі Філіпавай ён упершыню назваў Хрыста Сынам Божым, і тады атрымаў ад Езуса абяцанне, што на ім, як на скале, будзе заснаваны Касцёл. Нягледзячы на трохкратнае адрачэнне Пятра ад Хрыста, што здарылася ў ноч перад укрыжаваннем, уваскрослы Езус даручае Пятру «пасвіць сваіх авечак». У 64 ці 67 г. Пётр быў укрыжаваны ўніз галавою. Ён сам папрасіў аб гэтым, бо не лічыў сябе годным памерці гэтаксама, як Хрыстус.
Маючы каля 19 гадоў, Саўл прыбыў у Ерузалем, каб вучыцца ў рабінскай школе вядомага настаўніка Гамаліэля. Тады Саўл быў непрымірымым ворагам хрысціянаў, бо лічыў іх адступнікамі ад веры Майсея. Ён заўзята пераследаваў вучняў Хрыста (між іншым, удзельнічаў у каменаванні першамучаніка Стэфана). З мэтаю знішчыць маладую хрысціянскую супольнасць у Дамаску Саўл ва ўзросце 34 гадоў вырушыў у гэты горад, але па дарозе туды яму аб’явіўся Хрыстус, які цалкам перамяніў усё яго жыццё, зрабіўшы сваім «выбраным начыннем» для абвяшчэння імені Божага ва ўсім свеце. Адразу пасля навяртання Павел стаў нястомна абвяшчаць Евангелле паўсюль, куды яго пасылаў Святы Дух. Падчас трох місіянерскіх падарожжаў апостал абвяшчае Евангелле і стварае хрысціянскія супольнасці ў Аравіі, Сірыі, Малой Азіі, Македоніі, Грэцыі, Турцыі і інш. краінах. Неаднаразова яго жыццё было ў небяспецы падчас караблекрушэнняў, яго каменавалі, бічавалі, арыштоўвалі. Прыняў у Рыме мучаніцкую смерць праз адсячэнне галавы прыблізна ў той жа час, што і Пётр. Яго называюць Апосталам народаў і лічаць першым хрысціянскім тэолагам. Святыя апосталы Пётр і Павел з’яўляюцца падмуркам Касцёла. Наступнікам Пятра з’яўляецца Папа Рымскі, які працягвае яго служэнне ў Касцёле. |