15 чэрвеня — урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста |
Каляндар |
15.06.2017 10:23 |
15 чэрвеня 2017 г. Каталіцкі Касцёл святкуе ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Яна адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы як напамін пра ўстанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі ў Вялікі чацвер. Распаўсюджаная назва ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста — Божае Цела. У цэлебрацыі гэтай урачыстасці Касцёл складае падзяку Збаўцу за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае са сваім народам. У гэты дзень або ў наступную пасля яго нядзелю адбываецца працэсія, у якой Найсвяцейшы Сакрамэнт з пашанаю нясуць па вуліцах гарадоў і вёсак. У Мінску працэсія Божага Цела праходзіла сёлета 28 мая. Парафіяльны фэст у гэты дзень пройдзе ў мінскай парафіі Божага цела. Вытокі традыцыі Святкаванне ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста бярэ свой пачатак з XIII стагоддзя. Ініцыятаркай святкавання гэтай ўрачыстасці была святая Юліяна з Карніліі. У 1245 годдзе ў кляштары аўгустынак у Монт Карніліён, паблізу Льежа (Бельгія), яна была ўдастоена аб’яўлення Езуса Хрыста, у якім Хрыстус папрасіў аб стварэнні асобнага свята ў гонар Найсвяцейшай Эўхарыстыі.
Езус Хрыстус сам прызначыў дзень святкавання ўрачыстасці Божага Цела (Corpus Christi) — чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. Біскуп Льежы Робэрт пасля гутаркі са сваёй радай, а таксама неадкладнага разгляду гэтага аб’яўлення вырашыў выканаць жаданне Езуса Хрыста. У 1246 годзе адбылася першая эўхарыстычная працэсія. Аднак у тым жа самым годзе біскуп Робэрт памірае. Вышэйшае духавенства горада па нарадзе тэолагаў, прызнае дзеянні ардынарыя заўчаснымі, а святкаванне ўрачыстасці пад такой назвай у вышэйшай ступені непрыстойным. Святая Юліяна ледзьве не абвінавачвалася ў ерасі, за гэта яна была пераведзена з манастыра Монт Карнілія ў правінцыю. Па просьбе Якуба (Жака Панталеона), архідыякана катэдры Льежа, кардынал Уга пасля паўторнага разгляду справы зацвердзіў свята. У 1251 годзе пад кіраўніцтвам архідыякана Якуба па вуліцах Льежа адбылася зноў эўхарыстычная працэсія. У 1264 годзе папа Урбан IV, былы льежскі архідыякан Якуб, увёў святкаванне ўрачыстасці Божага Цела ў Рыме. Непасрэдным штуршком для ўстанаўлення свята стаў цуд, які адбыўся ў Бальсэне. Калі там святар цэлебраваў святую Імшу, пасля паднясення паставіў келіх так няўдала, што некалькі кропляў крыві Хрыста праліліся на карпарал. Святар заўважыў як віно — сімвал крыві Збаўцы — ператвараецца ў сапраўдную Кроў Хрыста. Карпарал з кроплямі крыві Езуса Хрыста знаходзіцца да гэтага часу ў катэдры горада Арвіета. Папа Ян XXII пашырыў свята Corpus Christi на ўвесь Каталіцкі Касцёл, а з часоў папы Урбана VI, яно з’яўляецца адным з галоўных святаў літургічнага года Касцёла. Вікторыя Колзун, (cath)
|