Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Тарчызіо Бэртонэ: праз мастацтва магчыма паказаць прыгажосць і прыроду веры
Дзяржава Ватыкан
07.02.2013 16:03

З дапамогай твораў мастацтва, натхнёных Евангеллем, «магчыма паказаць прыгажосць і прыроду хрысціянскай веры». Гэта падкрэсліў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ падчас адкрыцця выставы «Шлях святога Пятра», якое прайшло ў Рыме вечарам 6 лютага.

Паводле іерарха, у абвяшчэнні «самай высокай праўды» неабходна задзейнічаць самыя лепшыя сродкі, матэрыялы, жэсты і словы: менавіта таму Касцёл заўсёды падтрымліваў любоў да мастацтва. «Дух Стварыцель, які з’яўляецца аўтарам і натхняльнікам любой прыгажосці, не можа не радавацца, калі людзі, веруючыя ці няверуючыя, пад уплывам мастацтва пачынаюць задаваць сабе пытанні аб сэнсе, духоўныя пытанні аб жыцці», — сказаў кардынал, якога цытуе Ватыканскае радыё.

Як дадаў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці, выстава, прысвечаная св. Пятру, можа прывабіць увагу не толькі з інтэлектуальнага ці эстэтычнага пункту гледжання, але і дзякуючы «ўнутранай сіле» персанажа, якому прысвечана. Святы Пётр «паказвае ўсім нам, што, калі мы не хочам застацца няшчасным рыбамі, злоўленымі сеткай, павінны мець гарачую веру і надзею». Хрысціянская вера — гэта «не халоднае і пагардлівае валоданне праўдай, якую трэба бараніць»: «Бог — гэта любоў, на якую можам разлічваць».

Кардынал нагадаў пра здольнасць мастацтва спрыяць дабрабыту грамадства, пра падштурхоўванне да дабрачыннай дзейнасці, да разважання і пошуку, дзейнасці на карысць супольнага дабра. Таму, паводле іерарха, неабходна, каб і няверуючыя ведалі, што ў штодзённых цяжкасцях, звязаных з будаваннем здаровага грамадства, хрысціянства будзе для іх заўсёды блізкім і верным саюзнікам.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.