Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Вішневе знайшлі «забыты» абраз мастака Яна Дамеля
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.02.2013 16:46
Сенсацыйную знаходку зрабіў ураджэнец в. Вішнева, сённяшні жыхар Гомеля Анатоль Шчучко. Мужчына звярнуў увагу на вялікі трохметровы абраз у вішнеўскім касцёле, які стаяў у куце, пакрываючыся пылам, і зацікавіўся яго паходжаннем.
 
Як паведамляе сайт гомельскай парафіі, высветлілася, што абраз быў намаляваны Янам Дамелем яшчэ ў 1811 годзе. Да гэтага часу лічылася, што ў Беларусі захавалася толькі адна праца мастака  абраз cв. Канстанцыі.
 
«Абраз стаяў у далёкім куце касцёла, цалкам пацямнеў. Ніхто ўжо не ведаў, адкуль ён тут узяўся. Аднак, вывучаючы архіўныя дакументы, я даведаўся пра гісторыю абраза»,  расказвае Анатоль Шчучко.
 
Паводле слоў гамяльчаніна, у пачатку ХІХ ст. у вішнеўскім касцёле знаходзілася два абразы, напісаныя Дамелем: абраз св. Тадэвуша і абраз св. Юзафа з Дзіцяткам Езус. Гэтыя абразы ў мастака замовілі ў Вільні ў 1811 годзе.
 
Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага каталіцкую святыню перадалі праваслаўным вернікам, католікі ж пабудавалі побач драўляны касцёл. У яго быў перададзены абраз св. Тадэвуша, які ў часы Першай сусветнай вайны, таксама як і драўляны касцёл, быў незваротна страчаны.
 
Абраз жа св. Юзафа па-ранейшаму знаходзіўся дзесьці ў будынку ранейшага касцёла. Ужо за польскім часам святыню вярнулі католікам, і абраз св. Юзафа з Дзіцяткам Езус павесілі ў прэзбітэрый. Аднак з цягам часу карціна пачала цямнець. Яе знялі, шмат гадоў яна прастаяла, проста пакрываючыся пылам…
 
Сёння абраз св. Юзафа знаходзіцца на рэстаўрацыі ў Гомелі.

(JLS)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.