Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». За што папа Францішак любіць Шагала?
Рубрыка Ватыканскага радыё
23.04.2013 16:31

Мы ведаем шмат цікавых фактаў з жыцця папы Францішка. Напрыклад, што ён з’яўляецца балельшчыкам аргенцінскага футбольнага клуба, любіць лятаць эканом-класам і карыстацца грамадскім транспартам, наведвае прытулкі для бедных і турмы. Але па-за ўвагай застаўся яшчэ адзін цікавы момант, які, між іншым, лучыць яго з Беларуссю. Менавіта аб ім мы паразмаўляем сёння.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Гаворка ідзе пра захапленне папы Францішка мастацтвам Марка Шагала. Адзін з твораў гэтага мастака Папа лічыць шэдэўрам такога ўзроўню, на які ніколі раней не ўздымалася чалавечае мастацтва. Маецца на ўвазе карціна «Белае ўкрыжаванне».

Яшчэ будучы кардыналам, на старонках кнігі «Езуіт», якая выйшла ў 2010 г., будучы Папа назваў гэту карціну любімай, адказваючы на пытанне журналіста аб яго мастацкіх упадабаннях. Ён расказаў няшмат аб гэтым творы нашага земляка, але тым не менш падкрэсліў пэўны духоўны аспект, які ён выражае. «Я заўсёды лічыў гэтую карціну адной з самых цудоўных сярод створаных калі-небудзь і казаў, што мука тут спакойная і натхнёная надзеяй», — адзначыў тады арцыбіскуп Буэнас-Айрэса кардынал Хорхе Берголіа.

Сапраўды, «Белае ўкрыжаванне» Марка Шагала лічыцца адной з найлепшых прац мастака. Яна была напісана ў 1938 г., у год «Крышталёвай ночы» — вялікага пагрому, учыненага на тэрыторыі Германіі і Аўстрыі нацысцкімі штурмавымі атрадамі «СА» і грамадзянскімі асобамі. Шагал тады ўжо жыў у Францыі, а карціну намаляваў пад уплывам гэтай падзеі.

«Белае ўкрыжаванне» ўключае ў сябе ўсю трагедыю яўрэйскага народа: нянавісць, пераследы, пагромы, якія адбываліся на працягу ХХ ст. Шагал не імкнуўся намаляваць канкрэтную сцэну, але праз сімвалы і вобразы жадаў паказаць глыбіню ўсёй драмы. Тут прадстаўлена спаленая сінагога, якая сімвалізуе разбурэнне нацыстамі месцаў культу і твораў многіх яўрэяў, у тым ліку самога Шагала (у 1933 г. многія яго карціны былі знішчаны па загадзе Гебельса), спаленыя дамы, раскіданая мэбля і скруткі Торы, мёртвыя целы, людзі, якія сядзяць на зямлі каля знішчаных хатаў, бежанцы, натоўп антысемітаў з чырвонымі камуністычнымі сцягамі. Трагедыя, якая адбываецца, выклікае плач старазапаветных біблійных персанажаў, якіх Шагал намаляваў у верхняй частцы свайго твору. Пасярод гэтага хаосу, болю і пакут мастак змясціў выяву ўкрыжаванага Езуса Хрыста. Ён займае ўсю цэнтральную частку карціны. Над Хрыстом гатычнымі літарамі напісана абрэвіятура «I.N.R.I.».

Цікава, што для таго, каб перадаць несправядлівасць і боль невіноўных, яўрэй Шагал выкарыстаў менавіта хрысціянскі вобраз. У асобе ўкрыжаванага Хрыста ён прадставіў увесь пакутуючы, «укрыжаваны» яўрэйскі народ. Недарэмна Езус намаляваны падперазаным традыцыйным белым талітам з чорнымі паскамі — часткай яўрэйскай літургічнай вопраткі. «Мучаніцтва Езуса — гэта мучаніцтва майго народа ў тыя гады», — адказваў Шагал на абвінавачванні сваіх аднаверцаў у выкарыстанні хрысціянскіх сімвалаў.

Яшчэ адной важнай дэталлю ўлюбёнага твору Пантыфіка з’яўляецца промень белага святла, які прасякае карціну знізу ўверх. Верны яўрэйскаму прадпісанню, якое забараняе рабіць выявы Бога, мастак прадставіў Яго ў выглядзе белага промня. Святло сыходзіць на Хрыста і сімвалізуе знішчэнне смерці. Сам Езус здаецца не памерлым, але агорнутым сном. «Мука тут спакойная і натхнёная надзеяй», — казаў папа Францішак. Такі вобраз Хрыста нагадвае пра евангельскі фрагмент, у якім апавядаецца пра буру, спалоханых вучняў у лодцы і Езуса, які спакойна спаў побач. Менавіта ўпэўненасць у тым, што Бог побач і ніколі не пакіне, нараджае надзею і спакой, якога не могуць пазбавіць ніякія пераследы. Папа Францішак неаднойчы казаў пра гэта ў сваіх гаміліях і прамовах.

«Белае ўкрыжаванне» не з’яўляецца выключным выпадкам выкарыстання Шагалам біблійных вобразаў. Ён часта чэрпаў натхненне для сваіх мастацкіх твораў менавіта з Бібліі. «Мне здавалася і здаецца да гэтага часу, што яна з’яўляецца галоўнай крыніцай паэзіі ўсіх эпох (...) Я заўсёды спрабаваў гэта адлюстраваць у маім жыцці і мастацтве», — казаў Шагал.

У перыяд паміж 1935–1956 гг. мастак стварыў цыкл прац пад агульнай назвай «Біблійнае пасланне», які сёння захоўваецца ў Музеі сучаснага мастацтва ў Ніцы. У яго ўваходзяць 17 вялікіх карцін, 194 гравюры і гуашы, якія прадстаўляюць сцэны з кнігі Быцця, Зыходу, Песні песняў Саламона, а таксама скульптуры, мазаікі, вітражы. Шагал казаў: «Я хацеў пакінуць (...) мае карціны, каб людзі ў іх маглі шукаць і знаходзіць пэўны спакой, духоўнасць, сэнс жыцця». Перадаючы карціны ў дар музею, ён адзначаў, што «хацеў намаляваць мару аб міры ўсяго чалавецтва». «Магчыма, у гэты дом прыйдуць маладыя і не зусім маладыя людзі, каб шукаць ідэал братэрства і любові, аб якім марылі мае фарбы. Магчыма, яны перастануць быць ворагамі (...) і ўсе, незалежна ад веравызнання, змогуць прыходзіць сюды, каб размаўляць пра гэтую мару, далёкую ад злобы і насілля. Ці будзе гэта магчыма? Думаю, што так. Усё магчыма, калі пачынаецца з любові», — падкрэсліваў Марк Шагал.

Як і папа Францішак, мастак любіў паўтараць словы св. Бэнэдыкта: «працаваць і маліцца». Дзякуючы гэтай малітве з’яўляліся цудоўныя вобразы, глыбока прасякнутыя духоўнасцю. Магчыма, гэта ўражвае папу Францішка ў мастацтве нашага славутага земляка?

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.