Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Шчаслівае сужэнства. Святарскі цэлібат і сужэнства
Рубрыка Ватыканскага радыё
23.11.2016 16:36

Сёння ў цэнтры нашай увагі будуць адносіны паміж сакрамэнтамі пасвячэння і сужэнства. На першы погляд можа здавацца, што паміж імі няма нічога супольнага, і цалкам справядліва можа ўзнікнуць пытанне: навошта закранаць гэтую тэму ў рамках праграмы аб духоўнасці сужэнскага жыцця? Сапраўды, паміж гэтымі дзвюма сакрамэнтамі існуе настолькі шмат адрозненняў, што яны здаюцца нават супрацьлеглымі. Узгадаем прынамсі пра цэлібат, у якім жывуць святары.

Тым не менш, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла збліжае гэтыя сакрамэнты, падкрэсліваючы, што абодва «ўдзяляюць спецыяльную ласку для асаблівай місіі Касцёла і служаць будаванню Божага народу». Яны спрыяюць будаванню касцёльнай супольнасці і збаўленню іншых людзей.

Гэтыя «асаблівыя намашчэнні» атрымліваюць тыя, «хто ўжо быў пасвечаны хростам і канфірмацыяй» (1535). Святар, праз сакрамэнт пасвячэння, намашчаецца на службу Касцёлу, а сужэнцы — як нагадвае Другі Ватыканскі Сабор, абапіраючыся на энцыкліку Пія ХІ аб сужэнстве «Casti connubii» — таксама «асвячаюцца» (Gaudium et spes, 48) праз сакрамэнт сужэнства.

Пасвячэнне намашчае святара на службу Касцёлу і «прыпадабняе яго да Хрыста ў Яго патройнай функцыі: Святара, Прарока і Караля», а таксама да Хрыста-Жаніха. Менавіта ў гэтым заключаецца самая галоўная прычына святарскага цэлібату ў Лацінскім Касцёле. Цэлібат — гэта штосьці нашмат большае за простую традыцыю або дысцыпліну, большае за практычнае патрабаванне або гатоўнасць святара стаць больш даступным для выканання шматлікіх заданняў, звязаных з яго служэннем.

Як Хрыстус цалкам дорыць сябе Касцёлу, на падабенства жаніха нявесце, таксама і святар — які праз ласку сакрамэнту пасвячэння становіцца другім Хрыстом (alter Christus), — становіцца пакліканым дарыць сябе Касцёлу такім самым чынам: выключным і на падабенства сужэнцаў, як казаў св. Ян Павел ІІ.

Касцёл, у пэўным сэнсе, таксама становіцца Нявестай для святара. Ён яе ачышчае і адраджае праз удзяленне сакрамэнту пакаяння; аб ёй ён клапоціцца, навучаючы і падтрымліваючы; яе ён штодзённа насычае Эўхарыстыяй. У цэлебрацыі святой Імшы святар разам з Хрыстом ахвяруе сябе за Касцёл, прыносячы ў «сужэнскую» ахвяру самога сябе. Калі ён прамаўляе словы кансэкрацыі над хлебам і віном, што перамяняюцца ў Цела і Кроў Хрыста, ён ахвяруе таксама і сваё ўласнае святарскае цела, сваю кроў і жыццё разам з Хрыстом-Жаніхом за Касцёл-Нявесту. Гаворка ідзе пра па-сапраўднаму сужэнскі дар самога сябе, які мае цялеснае вымярэнне.

У такім святле святарскі цэлібат з’яўляецца не адмаўленнем каштоўнасці сужэнства, але поўным спаўненнем яго значэння. Урывак з Паслання да Эфесцаў, які адлюстроўвае сужэнскую прыроду сувязі паміж Хрыстом і Касцёлам («Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго, каб асвяціць яго...»), утрымлівае ў сабе навучанне, каштоўнае як для сужэнства, так і для святарскага цэлібату. «Гэты тэкст сапраўды аднолькавы, як для тэалогіі сужэнства, так і для тэалогіі ўстрымання “дзеля Нябеснага Валадарства”, гэта значыць для тэалогіі цнатлівасці і цэлібату», — казаў св. Ян Павел ІІ падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 21 красавіка 1982 г.

Постаць святара павінна стаць для сужэнцаў дасканалым прыкладам сужэнскага дару, а яго цэлібат пакліканы выяўляць абсалютнасць гэтага дару. Святарскае сэрца, калі па-сапраўднаму жадае прыпадабняцца да Хрыстовага, не можа не быць «сужэнскім» сэрцам. Паколькі сужэнскі дар з’яўляецца выключным па сваёй прыродзе, святар можа падарыць сябе толькі адзінай Нявесце Хрыста, будучы злучаным з Езусам у Яго сужэнскай ахвяры за Касцёл. Гэтая гатоўнасць да поўнага дару з сябе з’яўляецца крыніцай духоўнай плённасці святарскага служэння.

Сужэнцы, у сваю чаргу, павінны станавіцца для святара канкрэтным прыкладам сужэнскага дару, які ён прыносіць Касцёлу, у той час як святар павінен адчуваць сябе ўмацаваным у сваім пасвячэнні прыкладам іх узаемнай адданасці. Святар павінен быць здольным бачыць у вернасці сужэнцаў матывацыю для сваёй уласнай вернасці Касцёлу, у той час як парушэнне цэлібату павінна ім бачыцца ў якасці здрады яму. Нават калі ў адносінах да цэлібату ў самім Каталіцкім Касцёле існуюць розныя традыцыі, трэба прызнаць, што сэрцу святара даволі складана прымірыцца з поўным дарам сябе для Касцёла і адначасова поўным дарам сябе для жонкі.

Напрыклад, яшчэ з самых першых стагоддзяў гісторыі Касцёла паўната сакрамэнту пасвячэння — біскупская сакра — ніколі не ўдзялялася жанатым мужчынам. Гэта паказвае, што поўнае прыпадабненне сябе Хрысту павінна быць спалучаным з поўным прысвячэннем сябе Касцёлу-Нявесце. Гэты пункт гледжання, дарэчы, католікі падзяляюць з братамі-праваслаўнымі.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка
паводле кнігі Іва Семена «Сужэнская духоўнасць паводле Яна Паўла ІІ»

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.