Хрысціянін і права. Дэканы |
Рубрыка Ватыканскага радыё |
14.02.2016 00:00 |
Некалькі суседніх парафій звычайна аб’ядноўваюцца ў дэканаты і на чале такога дэканату стаіць ксёндз дэкан. Яго функцыя не толькі быць пасрэднікам у адносінах паміж пробашчамі і біскупам, але перад усім дапамагаць пробашчам, вікарыям і іншым святарам як мага лепш выконваць свае абавязкі.
Пасада дэкана звычайна не звязана з пасадай пробашча канкрэтнай парафіі, біскуп яго свабодна прызначае, выслухаўшы аднак меркаванне святароў, якія працуюць у дэканаце. Абавязкі дэкана вельмі падобныя да абавязкаў пробашча, толькі ён павінен іх ажыццяўляць на ўзроўні дэканату,а менавіта павінен падтрымліваць і каардынаваць агульную пастырскую дзейнасць у дэканаце, сачыць за тым, каб духоўныя асобы з яго дэканату вялі жыццё, адпаведнае іх статусу, і належным чынам выконвалі свае абавязкі, клапаціцца аб тым, каб набажэнствы цэлебраваліся паводле прадпісанняў святой літургіі, каб належным чынам падтрымліваліся прыгажосць і ахайнасць касцёлаў і святых начынняў, асабліва пры цэлебрацыі Эўхарыстыі і захоўвання Найсвяцейшага Сакрамэнту, каб правільна спісваліся і належным чынам захоўваліся парафіяльныя кнігі, асцярожна вялося кіраўніцтва касцёльнай маёмасцю, каб парафіяльны дом захоўваўся з належнай апекай, каб пробашчы яго дэканату, якія, як яму вядома, з’яўляюцца цяжка хворымі, не заставаліся без духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі, каб дастойным чынам ажыццяўлася пахаванне памерлых святароў; ён таксама павінен сачыць за тым, каб з-за хваробы або смерці пробашчаў не былі страчаны або скрадзены кнігі, дакументы, святыя начынні і іншыя рэчы, якія належаць касцёлу. Але ніякай адміністрацыйнай улады ў дэканаце дэкан не мае. Кс. Дзмітрый Пухальскі |
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |