Хрысціянін і права. Сакрамэнты |
Рубрыка Ватыканскага радыё |
26.02.2016 00:00 |
Сёння мы пачынаем разважанні над новым для нас раздзелам кананічнага права, а канкрэтна пагаворым аб нормах, якія рэгулююць удзяленне і прыняцце розных сакрамэнтаў. Гэтыя пытанні даволі часта ўзнікаюць у нашай практыцы, і, на жаль, даволі часта ўзнікаюць пэўныя памылкі, якія часам могуць датычыць таксама сапраўднасці ўдзялення ці прыняцця сакрамэнтаў. У нашых разважаннях я пастараюся закрануць найбольш частыя пытанні, якія ўзнікаюць пры цэлебрацыі сакрамэнтаў. Спачатку варта прыгадаць сабе, што святыя сакрамэнты – гэта не проста нейкая прыгожая цырымонія: праз сакрамэнты праяўляецца канкрэтнае дзеянне Божай ласкі. 840-ы канон кодэксу прыгадвае кожнаму з нас, што сакрамэнты Новага Запавету, устаноўленыя Панам Хрыстом і давераныя Касцёлу, як дзеянні Хрыста і Касцёла, з’яўляюцца знакамі і сродкамі, дзякуючы якім выражаецца і ўмацоўваецца вера, аддаецца культ Богу і здзяйсняецца асвячэнне людзей, менавіта таму яны ў найвышэйшай ступені садзейнічаюць заснаванню, умацаванню і знешняму праяўленню касцёльнага адзінства; таму пры іх цэлебрацыі як святыя распарадчыкі, так і іншыя вернікі павінны аказваць найвышэйшую пашану і належную стараннасць. Існуе агульнае правіла, што святыя распарадчыкі не могуць адмовіць у сакрамэнтах тым, хто належным чынам аб іх просіць, адпаведна падрыхтаваны і каму права не забараняе іх прымаць. Тут мы бачым тры ўмовы, неабходныя для прыняцця любога сакрамэнту: па-першае, сакрамэнты ўдзяляюцца тым, хто належным чынам просіць аб іх удзяленні, гэта значыць, што нельга “насілу” ўдзяліць камусьці святых сакрамэнтаў. На жаль, здараюцца сітуацыі, калі чалавек усім сваім жыццём паказвае, што ён не патрабуе сакрамэнтаў, не патрабуе Пана Бога, але ў час хваробы ці старасці яго родныя сілай хочуць прымусіць яго да гэтага. Пэўным выключэннем з гэтага правіла з’яўляецца хрост дзяцей, якія, зразумела, не могуць прасіць аб хросце для саміх сябе, але ў гэтай сітуацыі ад яго імя просяць бацькі, і Касцёл, верачы ў тое, што веруючыя бацькі перададуць веру свайму дзіцяці, удзяляе сакрамэнт хросту. Па-другое, сакрамэнты трэба ўдзяляць тым, хто належным чынам падрыхтаваны да іх прыняцця. Гэта вельмі важнае патрабаванне – чалавек павінен мець хаця б мінімальныя веды наконт таго, які сакрамэнт ён прымае. Напэўна, большасць з нас памятае часы, калі не было святароў, і калі які-небудзь святар заехаў у нейкую мясцовасць ці туды на адпачынак прыехалі дзеці і ўнукі, сакрамэнты ўдзяляліся “оптам”. На жаль, і сёння ў многіх людзей застаецца такі падыход, але сёння, дзякуй Богу, ёсць магчымасць адпаведным чынам падрыхтавацца да прыняцця сакрамэнтаў, і не трэба баяцца таго, што гэтая падрыхтоўка патрабуе пэўнага часу.
Сітуацыя ў Беларусі склалася такім чынам, што ў нас даволі шмат змешаных сужэнстваў, заходняя і ўсходняя традыцыі вельмі моцна перапляліся ў нашай культуры, і даволі часта ў многіх узнікае пытанне: калі я католік, ці магу прымаць нейкія сакрамэнты ў Праваслаўнай Царкве і наадварот? Зараз я адкажу на гэтае пытанне з пункту гледжання Каталіцкага Касцёла. |
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |