Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянін і права. Хрост (І)
Рубрыка Ватыканскага радыё
26.08.2016 00:00

Сёння мы пачынаем гаворку аб нормах кананічнага права, якія рэгулююць удзяленне сакрамэнту святога хросту. Як мы добра ведаем, святы хрост — гэта першы і найважнейшы сакрамэнт кожнага хрысціяніна. 849-ы канон нагадвае, што хрост, брама сакрамэнтаў, прыняты на самой справе або хаця б у намеры, неабходны для збаўлення, дзякуючы яму людзі вызваляюцца ад грахоў, адраджаюцца ў дзяцей Божых і, упадобіўшыся Хрысту непазбыўнай пячаткай, уключаюцца ў Касцёл. Сапраўдным чынам хрост удзяляецца толькі праз абмыццё ў сапраўднай вадзе з адпаведнай слоўнай формулай.

Мінулы раз мы ўжо гаварылі аб тым, што сакрамэнты трэба ўдзяляць таму, хто належным чынам аб гэтым просіць і падрыхтаваны да іх прыняцця. Таму таксама цэлебрацыя хросту павінна быць падрыхтавана належным чынам. Што датычыць дарослага, які хоча прыняць святы хрост (а ў выпадку хросту дарослым лічыцца таксама дзіця, старэйшае за 7 гадоў), то яго трэба дапусціць да катэхуменату — гэта значыць да асаблівай падрыхтоўкі да прыняцця гэтага сакрамэнту — і па магчымасці паступова давесці яго да хрысціянскай ініцыяцыі, якая ўключае ў сябе прыняцце адразу трох сакрамэнтаў: хросту, канфірмацыі і святой Камуніі. Калі гаворка ідзе аб хросце дзіцяці, то яго бацькоў, а таксама тых, хто прыме на сябе абавязкі хросных, трэба належным чынам навучыць адносна значэння сакрамэнту і тых абавязацельстваў, якія ён цягне за сабой; і гэта з’яўляецца абавязкам пробашча, які асабіста або праз іншых павінен паклапаціцца аб тым, каб даць бацькам належныя настаўленні праз пастырскія парады і сумесныя малітвы.

Хрост удзяляецца праз паліванне або пагружэнне ў ваду. Вада, якая выкарыстоўваецца пры хросце, павінна быць благаслаўлёнай, акрамя выпадкаў неабходнасці. Напрыклад, здараюцца сітуацыі, калі чалавек знаходзіцца ў небяспецы смерці, тады ахрысціць яго можа любы іншы чалавек нават неблагаслаўлёнай вадой, але больш канкрэтна аб гэтым пагаворым пазней.


855-ы канон гаворыць аб тым, што бацькі, хросныя і пробашч павінны клапаціцца аб тым, каб не давалася імя, чужое хрысціянскаму духу. Сёння вельмі модным стала ў нашым грамадстве даваць дзецям нетрадыцыйныя імёны, і, на жаль, даволі часта гэтыя імёны не маюць нічога супольнага з хрысціянствам. Многія стагоддзі існуе традыцыя надаваць дзецям імёны святых — вучняў Хрыста, якія засталіся назаўсёды вернымі Пану, і такі святы становіцца апекуном нованароджанага дзіцяці.

Вельмі часта ўзнікае пытанне — калі можна ўдзяляць хрост. Многіх хвалюе, ці можна хрысціць, напрыклад, падчас Вялікага посту ці пасля смерці нейкага блізкага чалавека. Мы ўжо казалі, што хрост — гэта першы і галоўны сакрамэнт, таму няма ніякіх абмежаванняў, якія датычаць дня яго ўдзялення. Але важна ўмець аддзяляць ад сябе цэлебрацыю хросту і святкаванне гэтай урачыстасці. Таму, калі хрост па нейкіх прычынах цэлебруецца падчас Вялікага посту, варта перанесці святкаванне гэтай урачыстасці на іншы час. Хрост кожнага новага чалавека — гэта свята не толькі для сям’і, але і для ўсёй парафіяльнай супольнасці, таму трэба прымаць за правіла, што дарослага трэба хрысціць у яго парафіяльным касцёле, а дзіця — у парафіяльным касцёле яго бацькоў, і хрост можа цэлебравацца ў любы дзень. Рэкамендуецца, каб звычайна ён цэлебраваўся ў нядзелю на святой Імшы або, па магчымасці, у Пасхальную вігілію. Але калі існуюць нейкія спецыяльныя надзвычайныя абставіны, напрыклад, хвароба ці небяспека смерці, хрост заўсёды можна ўдзяліць у любым адпаведным месцы, напрыклад, у шпіталі.

Хто можа ўдзяляць сакрамэнт хросту? У звычайнай сітуацыі хрысціць можа біскуп, прэзбітэр і дыякан, але галоўным, хто павінен гэта рабіць, з’яўляецца парафіяльны пробашч. Калі, аднак, гэтыя асобы адсутнічаюць або маюць перашкоду, то хрост можа ўдзяліць іншая асоба, дэлегаваная для гэтага; больш за тое, у выпадку неабходнасці (напрыклад, пры небяспецы смерці) гэта можа зрабіць кожны чалавек, нават неахрышчаны, які мае належны намер, гэта значыць, што ён сапраўды хоча ахрысціць. Такія надзвычайныя сітуацыі здараюцца, на шчасце, даволі рэдка, аднак душпастыры, а асабліва пробашчы, павінны клапаціцца аб тым, каб вернікі былі навучаныя правільнаму парадку хросту, асабліва гэта датычыць вернікаў, якія працуюць у шпіталях і іншых падобных месцах.

Кс. Дзмітрый Пухальскі
Фота Віталія Палінеўскага

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.