Пра духоўны змест творчасці Людвіга ван Бетховена і Джузэпэ Вердзі нагадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI на заканчэнне канцэрту, які адбыўся вечарам 4 лютага ў зале Паўла VI. Канцэрт быў арганізаваны пасольствам Італіі ў Апостальскай Сталіцы з нагоды 84-годдзя падпісання Латэранскіх пагадненняў.
Праграма канцэрту ўключала ІІІ Сімфонію Бетховена «Eroicа» («Гераічная») і оперу Вердзі «La forza del destino» («Сіла лёсу»).
Папа адзначыў, што спачатку Бетховен прысвяціў ІІІ Сімфонію Напалеону, аднак потым адмяніў гэтае прысвячэнне, калі Напалеон аб’явіў сябе імператарам. Тым не менш, па словах Пантыфіка, якія прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, гэты твор апавядае пра ідэал волата, які нясе свабоду і роўнасць, адначасова знаходзячыся перад выбарам паміж барацьбой і засмучанасцю, жыццём і смерцю.
Разважаючы пра твор Джузэпэ Вердзі, Святы Айцец сказаў: «Лёс асобы ў творах Вердзі — заўсёды трагічны». Уздымаючы тэму лёсу, Вердзі ставіць рэлігійныя пытанні, «канфрантуе з Богам, верай, Касцёлам». У творы праяўляецца душа кампазітара, яго духоўныя пошукі. «Сіла лёсу» — гэта, як адзначыў Папа, «палкая малітва, а разам з тым мы знаходзім у гэтым творы праявы навяртання і набліжэння да Бога». (AG)
|