Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вішнева: Імша з нагоды 10-годдзя смерці былога пробашча Юзафа Кісяля
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.12.2012 14:17
Імша ў 10-ю гадавіну смерці былога пробашча кс. Юзафа Кісяля адбылася 4 снежня ў парафіі  Св. Юды Тадэвуша ў Вішневе Смаргонскага дэканата.  На літургіі сабраліся вернікі вішнеўскай парафіі і шматлікая група святароў са Смаргонскага дэканату.

Ксёндз Юзаф Кісель пражыў 94 гады, з якіх 62 гады аддаў душпастырскай працы ў Вішневе.  Святар нарадзіўся 3 сакавіка 1908 г. у вёсцы Запурве (Валурыева), што належала да парафіі Парэчча, недалёка ад Гродна. У 1938 г. ён скончыў духоўную семінарыю ў Вільні, дзе з рук Віленскага арцыбіскупа, мітрапаліта Рамуальда Ялбжыкоўскага прыняў прэзбітарскае пасвячэнне. Неўзабаве новапрэзбітара накіроўваюць на душпастырства ў Радунь.
 
У 1939 г. пасля таго, як савецкія войскі занялі тэрыторыю заходняй Беларусі, пачаўся пераслед Каталіцкага Касцёла. У 1940 г. НКВД арыштаваў вішнеўскага пробашча, ксяндза Юльяна Цімашкевіча і пасадзіў у вілейскую вязніцу. У Вішнева на яго месца прыбыў малады святар Юзаф Кісель.
 
Падчас вайны яго неаднаразова прыніжалі як гітлераўцы, так і савецкія партызаны. У 1944 г. партызаны несправядліва абвінавацілі кс. Юзафа ў супрацоўніцтве з нямецкімі акупантамі і павялі на расстрэл. Парафіяне, убачыўшы, што іх пробашча вядуць на смерць, рызыкуючы сваімі лёсамі, абаранілі і выратавалі святара ад смерці, што ўжо тады сведчыла пра павагу і любоў парафіянаў да кс. Юзафа.
 
Аднак пераслед Юзафа Кіселя з боку саветаў не спыніўся і пасля вайны. Яго каралі за прысутнасць дзяцей на св. Імшы, штрафавалі па розных выдуманых прычынах, некалькі разоў дапытвалі,  рабілі захады з мэтай канфіскаваць плябанію, спрабавалі закрыць касцёл…
 
Аднак нават у самыя цяжкія часы, калі навакольныя касцёлы закрываліся, ксёндз Юзаф працягваў абслугоўваць не толькі сваю, але і суседнія парафіі, акружаючы пастаяннай апекай шматлікіх вернікаў з розных куткоў Беларусі і Літвы. Святар патаемна хрысціў і даваў шлюбы. Уся ваколіца ведала яго як добрага спаведніка, духоўнага айца, з рук якога вернікі прымалі святыя сакрамэнты, з вуснаў якога чулі словы падтрымкі. Ён так добра ведаў сваю парафію, што казаў: «Я ведаю, дзе ў якім доме на якім месцы стаіць печ».
 
Ксёндз Віктар Субель, які працуе сёння ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах, суправаджаў кс. Юзафа ў апошнія гады яго жыцця у Вішневе.  Праводзячы адвэнтавыя рэкалекцыі ў Вішневе,  ксёндз успамінаў: «Чатыры гады, якія акрамя даверанай  мне пастырскай паслугі ў парафіі Вішнева, я  апекаваўся 90-гадовым ксяндзом Юзафам Кісялём, пакінулі ў маім сэрцы моцны адбітак. Не думаю, ці за такі кароткі час мне ўдалося істотна вывучыць гэтага чалавека, які ў маладосці не раз глядзеў смерці ў вочы. Ксёндз Юзаф быў сціплы, не любіў гаварыць пра сябе, але з яго твару можна было прачытаць аб глыбокіх ранах душы, нанесеных цяжкімі ваеннымі і камуністычнымі часамі і людской няўдзячнасцю. Калі я прыехаў, то ён не мог ужо цэлебраваць св. Імшу, аднак, я шмат разоў бачыў, як ён маліўся ружанец. Не памятаю, каб ён скардзіўся мне на што-небудзь».
 
3 сакавіка 2008 г. парафія ў Вішневе ўшанавала 100 годдзе з дня нараджэння любімага пробашча. У парафіяльным касцёле ў Вішневе ўсталявана памятная мармуровая дошка, на якой залатымі літарамі выпісана імя гэтага вялікага святара, як удзячнасць да асобы кс. Юзафа Кісяля. Памятная дошка была асвячоная біскупам Аляксандрам Кашкевічам 25 кастрычніка 2008 года падчас адпустовых урачыстасцяў у гонар галоўнага заступніка парафіі св. Юды Тадэвуша.
 
Ксёндз Юрый Кісель адышоў у вечнасць, падрыхтаваны, прыняўшы святыя сакрамэнты, 4 снежня 2002 г. а шостай гадзіне ранку. Пахавалі яго 6 снежня. На жалобнай  літургіі акрамя біскупаў Аляксандра Кашкевіча і тагачаснага дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Антонія Дзям’янкі, прысутнічалі яшчэ 30 святароў.
 
Магіла ксяндза Юзафа Кісяля знаходзіцца на вішнеўскіх могілках ля касцёла. Менавіта ля гэтай магілы спевам малітвы  «Анёл Панскі» закончыліся  ў парафіі сёлетнія адвэнтавыя рэкалекцыі.
 
Як зазначыў падчас літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да парафіянаў Вішнева, «залатыя літары на халоднай мармуровай дошцы — гэта нішто ў параўнанні з імем гэтага святара, назаўсёды ўпісаным ў вашыя гарачыя сэрцы».

Вішнеўскі пробашч кс. Антон Казлоўскі
(JLS)
 
 
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.