Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч на сустрэчы з медыкамі: каб любоў урачоў да бліжніх ніколі не слабела
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.12.2012 22:08

27 снежня, у свята св. Яна, апостала і евангеліста, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў калядную сустрэчу з медыкамі ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы.

У гаміліі падчас Імшы Мітрапаліт нагадаў вернікам аб тым, што, паводле традыцыі, святы Ян, хаця і памёр натуральнай смерцю, тым не менш зведаў жорсткі пераслед. Ён быў кінуты ў кацёл з кіпячым алеем, але цудоўным чынам выратаваўся. У наступны раз яму далі выпіць атручанае віно, аднак і тады ён застаўся жывы. Усё гэта, як падкрэсліў арцыпастыр, — асаблівыя знакі Божага ўмяшальніцтва, таго, што Бог можа ўчыніць цуд.

Евангелле паводле святога Яна, працягваў іерарх, з’яўляецца найбольш духоўна глыбокім з усіх чатырох Евангелляў. Менавіта таму «Ян у біблійным мастацтве прадстаўляецца як арол, які сімвалізуе здольнасць пазнаць і прадставіць таямніцу ўцелаўлёнага Бога, што і знаходзіцца ў першай частцы Евангелля паводле Яна».

Мітрапаліт распавёў таксама, што святы Ян пражыў 94 гады, і калі ўжо быў вельмі стары, то прапаведаваў вельмі коратка, кажучы вернікам: любіце адзін аднаго, як Бог палюбіў вас. Хрысціяне, аднак, не заўсёды былі задаволены гэтым пастаянным паўтарэннем. Але Ян на гэта адказваў, што Бог ёсць любоў. Тэма Бога як любові, нагадаў Мітрапаліт, займае цэнтральнае месца ў Евангеллі гэтага апостала. Да гэтай тэмы, дадаў арцыпастыр, звярнуўся і папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Deus caritas est» — «Бог ёсць любоў», дзе Пантыфік навучае, што бязмежная любоў Бога да чалавека патрабуе падобнага нашага адказу.

«І гэты адказ вельмі добра даюць урачы, якія, нягледзячы ні на час, ні на змучанасць, ні на іншыя заняткі, спяшаюцца з дапамогай бліжнім, — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Таму ўрач — гэта не толькі спецыяльнасць, але і пакліканне. Гэта пакліканне служыць хворым, тым, якія патрабуюць дапамогі».

У гэтым сэнсе, дадаў іерарх, урачы падобны да святароў: святары лечаць душу чалавека, урачы — цела. Мітрапаліт нагадаў таксама прыказку, што ў здаровым целе здаровы дух.

Праз заступніцтва святога Яна арцыпастыр падчас літургіі маліўся аб тым, каб любоў медыкаў да бліжніх ніколі не слабела ў іх сэрцах і каб яны дзяліліся гэтай любоўю з іншымі. Таксама Мітрапаліт пажадаў удзельнікам сустрэчы поспехаў у працы, радасных і багатых на Божую ласку святаў Божага Нараджэння, актаву якіх мы перажываем, і шчаслівага Новага года.

Пасля Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч падзяліўся з урачамі аплаткай.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме