19 красавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у адкрыцці семінара «Сучасныя метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі алергічных, імуналагічных, дэрматалагічных, пульманалагічных і дзіцячых вірусных грыбковых хваробаў у медыцыне». Семінар адкрыўся ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены.
«Рэлігія і здароўе чалавека цесна звязаны паміж сабой, — заўважыў Мітрапаліт у выступленні на адкрыцці семінара. — Нездарма прыказка кажа, што ў здаровым целе — здаровы дух. (...) Чалавек складаецца з цела і душы і толькі тады можа развівацца гарманічна, калі будзе здаровы целам і душой. Урачы лечаць цела, а святары — душу. І таму неабходна іх супрацоўніцтва і ўзаемадапамога. Паміж верай і медыцынай павінна быць цесная карэляцыя».
«Нездарма ў многіх краінах свету ў шпіталях ёсць капліцы і капеланы. Побач з медыкамі знаходзяцца святары, каб у цяжкую хвіліну дапамагчы хворым як з медыцынскага, так і духоўнага пункту гледжання. Нядаўна, калі я наведваў адзін шпіталь у Мінску, галоўны ўрач спытаў у мяне, як я стаўлюся да таго, каб у яго шпіталі адкрыць капліцу. Гэта азначае, што ў нашай постсавецкай рэчаіснасці з яе атэістычным мінулым паволі спее думка аб неабходнасці духоўнай апекі хворых — апекі, якая дапамагае ў працэсе лячэння», — падкрэсліў арцыпастыр.
Мітрапаліт нагадаў, што сярод устаноўленых Хрыстом сакрамэнтаў ёсць і сакрамэнт намашчэння хворых, падчас цэлебрацыі якога «святар моліцца аб аздараўленні душы чалавека і таксама яго цела, калі гэта будзе спрыяць яго збаўленню».
«Напэўна, не адзін сучасны чалавек спытаецца: ці ёсць яшчэ месца для Бога і Яго ўплыву на жыццё чалавека ў наш час, калі навука, тэхналогія, нарастаючы скептыцызм адносна звышнатуральных здарэнняў і працэсы секулярызацыі выштурхваюць рэлігію са штодзённага жыцця? — працягваў іерарх. — Хаця такое пытанне паўстае ўсё часцей, аднак у той жа час нярэдка чалавек выказвае сумненні ў толькі рацыянальным вымярэнні свайго жыцця. Таму Касцёл, абапіраючыся на Евангелле, дапускае звышпрыроднаую інгерэнцыю Бога ў рэчаіснасць».
Мітрапаліт звярнуў увагу, што менавіта вера «фармуе адпаведны, карысны таксама і для хворага, падыход да жыцця», а «для чалавека з пазітыўным і аптымістычным стаўленнем да жыцця вера можа чыніць цуды, бо пачуццё еднасці з Богам мае пазітыўны ўплыў на самаадчуванне пацыентаў і іх жыццёвыя функцыі».
«Касцёл падтрымлівае неабходнасць лячэння лекамі і ўдзячны ўрачам і фармацэўтам за іх адданую і ахвярную працу. Яны з’яўляюцца інструментамі ў Божых руках. Аднак у той жа час Касцёл імкнецца дапамагчы хворым праз умацаванне іх веры, каб яны не страцілі надзеі. Няхай жа супрацоўніцтва веры і медыцыны прынясе радасць і надзею хворым, каб яны былі здаровыя целам і душой», — пажадаў арцыпастыр. Поўны тэкст выступлення Мітрапаліта>>> (AG)
|