У Чырвоным касцёле ў Мінску змешчаны рэліквіі бл. Яна Паўла ІІ |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
03.04.2013 01:22 |
Урачыстае ўнясенне рэліквій благаслаўлёнага Яна Паўла II у мінскі касцёл св. Сымона і св. Алены адбылося 2 красавіка 2013 г., у 8-ю гадавіну смерці Вялікага Пантыфіка. Рэліквіі будуць захоўвацца ў правым бочным алтары святыні. Рэлікварый з крывёю благаслаўлёнага па просьбе пробашча парафіі кс. Уладзіслава Завальнюка перадаў Мітрапаліт Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, былы асабісты сакратар папы Яна Паўла II. Літургію з нагоды ўрачыстага ўнясення рэліквій узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Святую Імшу канцэлебравалі Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, кс. Уладзіслаў Завальнюк і святары парафіі. «Год 1978. У Беларусі, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, пануе пераслед рэлігіі. Здаецца, што са смерцю апошняга святара Касцёл перастане існаваць. Але вось з далёкага Рыма прыходзіць нечаканая і такая блізкая нам вестка — кракаўскі кардынал Караль Вайтыла абраны Папам», — узгадаў арцыпастыр пачатак знаёмства ўсяго свету з Папам-славянінам. Менавіта Ян Павел ІІ, як адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч, «устанавіў нармальныя структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі» пасля трох пакаленняў атэізму і вельмі хацеў наведаць нашу краіну. «Не давялося. Аднак сёння з вышыні неба ніхто не можа перашкодзіць яму быць разам з намі», — дадаў іерарх. Звяртаючы ўвагу на рэлікварый з крывёю благаслаўлёнага, арцыпастыр указаў на сутнасную ролю здаровай крыві ў жыцці чалавека, без якой жыццё немагчыма. «Такой здаровай крывёй для Касцёла на працягу 27 гадоў быў Ян Павел ІІ. Ён, які абсалютна даверыў сябе Уваскросламу і Божай Маці, унёс новы імпульс у жыццё Касцёла і даў яму новую надзею, — падкрэсліў іерарх. — Няхай жа рэліквіі крыві бл. Яна Паўла ІІ заўсёды адраджаюць у нас памяць пра гэтага Вялікага Пантыфіка, каб дзякуючы яго навучанню і прыкладу жыцця і служэння Касцёлу адражалася нашае духоўнае здароўе». На заканчэнне літургіі адбылося ўшанаванне рэліквій прысутнымі святарамі і вернікамі.
(VGr) |
Фотарэпартаж |