Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цяпер і ў Мінску: рэліквіі бл. Яна Паўла ІІ будуць захоўвацца ў Чырвоным касцёле
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.03.2013 14:13

Кропля крыві, а таксама хустачка благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ цяпер будуць захоўвацца ў самым цэнтры беларускай сталіцы — касцёле святых Сымона і Алены. Па просьбе кс. Уладзіслава Завальнюка, пробашча парафіі, рэлікварый з крывёю перадаў Мітрапаліт Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, былы асабісты сакратар папы Яна Паўла II, а хустачка — дар кардынала Мар’яна Яворскага.

Варта адзначыць, што захавалася толькі невялікая ампула з крывёй Яна Паўла ІІ. У апошнія дні хваробы Святога Айца асабістым урачом Пантыфіка ў яго была ўзята кроў і перададзена ў Цэнтр пералівання крыві рымскай клінікі «Bambino Gesu» для магчымага далейшага пералівання. Пераліванне не было здзейснена і кроў была захавана ў чатырох невялікіх кантэйнерах. Два з іх былі перададзены кардыналу Станіславу Дзівішу, асабістаму сакратару Яна Паўла ІІ; яшчэ два засталіся ў шпіталі.

Як паведаміў карэспандэнту Catholic.by кс. Уладзіслаў Завальнюк, рэліквіі знаходзяцца ў невялікім рэлікварыі. Цяпер яны выстаўляюцца на галоўным алтары, але з цягам часу будуць захоўвацца ў бакавым алтары святыні, дзе ўжо больш за 6 гадоў знаходзяцца іншыя рэліквіі бл. Яна Паўла ІІ — піуска, і крыж.

«Усе чакалі прыезд папы Яна Паўла ІІ у Беларусь, але, як ведаем, не было дадзена гэтаму споўніцца. А праз тое, што да нас прыбылі рэліквіі крыві Папы, можна сказаць, што ён прыбыў да нас. Папа не змог быць тут фізічна, цяпер жа прабывае разам з намі ў святасці, у кульце і ўшанаванні яго», — адзначыў кс. Уладзіслаў Завальнюк.

Урачыстае ўнясенне рэліквій у святыню адбудзецца ў хуткім часе. У бліжэйшых планах парафіі — таксама атрыманне рэліквій св. Фаўстыны Кавальскай. Тут ужо доўгі час практыкуецца асаблівы культ Божай Міласэрнасці: штодня цэлебруецца Імша ў гадзіну Божай Міласэрнасці — 15.00 — і іншыя набажэнствы.

Рэліквіі крыві бл. Яна Паўла ІІ знаходзяцца і ў іншых куточках Беларусі — у Тракелях і Нарачы. У мінулым годзе да 22 кастрычніка, дня літургічнага ўспаміну благаслаўлёнага, яны былі ўрачыста ўнесены ў тракельскі санктуарый (Гродзенская дыяцэзія) і нарачанскі касцёл (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Цяпер часцінка цела Вялікага Папы будзе захоўвацца і ў Мінску.

Даведка:
традыцыя ўшанавання рэліквій у Каталіцкім Касцёле паходзіць з першых часоў хрысціянства. Калі здараліся выпадкі мучаніцкай смерці хрысціянаў, іншыя вызнаўцы Хрыста збіралі гэтую кроў на хусціны, бо для іх гэта было сведчанне мужнай веры. У тыя ж часы менавіта каля магіл мучанікаў збіраліся хрысціяне і там цэлебравалі літургію. Асабліва ўшаноўваліся рэліквіі ў часы сярэднявечча. У той час у алтары святыняў абавязкова ўмуроўваліся рэліквіі святых як знак злучэння ахвяры Езуса Хрыста з ахвярамі мучанікаў. Умацоўвалі культ ушанавання рэліквій і шматлікія цуды, якія здараліся з тымі, хто маліўся праз заступніцтва святых. Ушаноўваюцца не толькі рэліквіі мучанікаў, але і святых вызнаўцаў, якія памерлі сваёй смерцю. Рэліквіі дапамагаюць вернікам разважаць пра жыццё святога, маліцца праз яго заступніцтва і мабілізуюць да святасці.

Святлана  Жылевіч


 
 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме