Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свята бл. Яна Паўла ІІ у Нарачы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.10.2012 13:36

21 кастрычніка ў нарачанскай парафіі адбылося ўрачыстае ўнясенне рэліквій крыві благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, прымеркаванае да літургічнага ўспаміну Вялікага Папы. Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Рэліквіі крыві для нарачанскай парафіі па просьбе вернікаў перадаў Мітрапаліт Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, былы асабісты сакратар папы Яна Паўла ІІ.

Да гэтай падзеі вернікі правялі духоўную падрыхтоўку: у парафіяльнай бібліятэцы была арганізавана выстава кніг благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, экспанаваліся малюнкі дзяцей і моладзі парафіі «Благаслаўлёны Ян Павел ІІ», таксама быў аб’яўлены конкурс выпечкі «папскіх пірожных». Кульмінацыяй падрыхтоўкі да ўрачыстасці стаў Трыдуум з бл. Янам Паўлам ІІ, падчас якога вернікі на працягу трох дзён разважалі над духоўнай спадчынай Вялікага Папы.

Святкаванне нядзельнай урачыстасці пачалося перад сустрэчай рэліквій на прыкасцёльным пляцы. Там можна было пачаставацца кулінарнымі шэдэўрамі нарачанскіх гаспадынь і аддаць свой голас за адзін з кулінарных шэдэўраў.

У прывітальным слове, звернутым да Апостальскага Нунцыя, прадстаўніца старэйшага пакалення парафіянаў нагадала словы святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, 98-я гадавіна з дня нараджэння якога прыпадае якраз на 21 кастрычніка: «Усё, што было злое, нікчэмнае, крывадушнае, д’ябальскае — пайшло прэч. А касцёл — стаіць, узносіцца, набірае моцы, аўтарытэту. Дзеці — вось яны, моладзь — вось яна, дарослыя. Якое адраджэнне, якая Божая сіла і перамога!» — і пажадала арцыбіскупу, каб яго пастырскае служэнне на блакітнавокай беларускай зямлі было асветлена бляскам адраджэння, бляскам Божай сілы і перамогі.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў сваёй гаміліі звярнуў увагу на асобу бл. Яна Паўла ІІ, які ўжо ад пачатку свайго Пантыфікату заклікаў не баяцца і выплысці на глыбіню. Арцыбіскуп адзначыў, што, дзякуючы Вялікаму Папу, на ўсходніх землях пасля чорнай ночы атэізму зноў заззяла святло веры. Прадстаўнік Святога Айца нагадаў, што галоўнае не мець, але старацца жыць, як вучыў Вялікі Папа: з любоўю і дзеля любові.

Напрыканцы святой Імшы моладзь парафіі, дзякуючы арцыбіскупу за прыезд, запэўніла прадстаўніка Святога Айца, што без страху і боязі на ладдзі часу яны выплылі ў падарожжа, якое называецца Год веры, і не баяцца выплыць на глыбіню і супрацьстаяць перашкодам, якія ставіць перад імі сучасны свет, бо іх компасам, арыенцірам  з’яўляецца Езус Хрыстус — Пан і Валадар сэрцаў.

На памяць нарачанцы падарылі арцыбіскупу гадзіннік, як сімвал таго, што трэба цаніць кожнае імгненне жыцця, і  штодзённік, каб туды ён мог занатаваць яго самыя прыгожыя хвіліны.

Ну і якое ж свята без салодкага пачастунку! Падарункам арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці ад нарачанскіх гаспадынь стаў кошык з прысмакамі, выпечанымі да конкурсу пірожных. У сваю чаргу арцыбіскуп падарыў нарачанцам медаль, зроблены да 25-годдзя Пантыфікату Яна Паўла ІІ, і копію абраза бл. Яна Паўла ІІ вядомай італьянскай мастачкі.

Завяршылася святкаванне ўрачыстасці выступленнем гурта пінскай семінарыі «Подых Духа», які падрыхтаваў для нарачанцаў не толькі песні, але і прэзентацыю з разважаннямі пра асобу бл. Яна Паўла ІІ.

Паводле інфармацыі сайта нарачанскай парафіі

(SZh)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.