Мітрапаліт Кандрусевіч кансэкраваным асобам: каб праз вас людзі маглі ўбачыць збаўленне (дададзены фотарэпартаж) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
01.02.2012 15:01 |
2 лютага ў Касцёле адзначаецца Дзень малітваў аб святасці кансэкраванага жыцця. Напярэдадні гэтага дня, 1 лютага 2012 г., у парафіі Св. Андрэя, апостала, у Нарачы сабраліся законнікі і законніцы з парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Імшу аб святасці кансэкраваных асобаў узначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. «Вы ахвяравалі сябе Богу, каб праз вас, вашае жыццё паводле евангельскіх парадаў, малітву і служэнне людзі маглі ўбачыць збаўленне, — адзначыў Мітрапаліт у гаміліі, звяртаючыся да кансэкраваных асобаў. — На самой справе гэта не што іншае, як вялікая Божая ласка — быць выбраным Богам і быць пакліканым, каб Яму служыць паводле харызмы заснавальніка той ці іншай манаскай супольнасці, служыць у якасці святара, брата ці сястры. Гэта азначае абвяшчаць слова Божае, асвячаць народ Божы і, служачы ў любові, ім кіраваць, катэхізаваць, займацца дабрачыннасцю». У наш час, працягваў арцыпастыр, з’явіліся новыя супольнасці кансэкраванага жыцця, мэта якіх — адказаць на зменлівыя патрэбы часу. Гэта адбываецца ў кантэксце новай евангелізацыі. У сувязі з гэтым Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў словы благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ: «Новая евангелізацыя, таксама як і евангелізацыя ўсіх часоў, будзе эфектыўнай, калі зможа абвяшчаць на дахах аб тым, што перажыла ў глыбокай блізкасці з Панам. Яна патрабуе моцных, натхнёных парывам святых асобаў. Новая евангелізацыя патрабуе ад прысвечаных Богу мужчын і жанчын поўнага ўсведамлення сэнсу выклікаў нашага часу. …Смеласць у абвяшчэнні Езуса Хрыста павінна ісці поруч з даверам да Провіду, які дзейнічае ў свеце». Поўны тэкст гаміліі тут>>> |
Фотарэпартаж |