Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Бэртонэ заклікаў кантэмпляцыйныя ордэны малітоўна падтрымаць Касцёл
Дзяржава Ватыкан
25.02.2013 15:25

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ заклікаў членаў кантэмпляцыйных ордэнаў малітоўна падтрымаць Касцёл, які на працягу апошніх дзён перажывае заканчэнне «яскравага Пантыфікату Бэнэдыкта XVI і чакае прыйсця яго Наступніка».

Іерарх нагадаў у звароце да гэтых ордэнаў, што сам Папа звярнуўся з просьбай да вернікаў малітоўна «суправаджаць яго ў момант перадачы Пятровага служэння ў рукі Пана» і «з даверам чакаць прыйсця новага Пантыфіка».

Паводле кардынала Бэртонэ, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё, гэты заклік асаблівым чынам датычыцца тых членаў Касцёла, якія цалкам прысвяцілі сваё жыццё малітве. «Гэта ад вас, ад вашых жаночых і мужчынскіх кляштараў, раскінутых па ўсім свеце, Яго Святасць Бэнэдыкт XVI упэўнены, што можа атрымаць каштоўны рэсурс той малітоўнай веры, якая на працягу стагоддзяў суправаджае і падтрымлівае шлях Касцёла», — напісаў іерарх і выказаў надзею, што будучы канклаў зможа «асаблівым чынам абапірацца на празрыстую чысціню іх малітвы» і праслаўлення Бога.

У якасці самага яскравага прыкладу, які паказвае сапраўднае і глыбокае вымярэнне кожнага касцёльнага акту, іерарх прывёў учынак Бэнэдыкта XVI, які «пасля таго, як кіраваў лодкай св. Пятра на хвалях гісторыі, вырашыў прысвяціць сябе перш за ўсё малітве, сузіранню Найвышэйшага і роздумам».

«Святы Айцец, якому я паведаміў пра пачуцці, выражаныя ў гэтым лісце, прадэманстраваў сваю згоду і папрасіў падзякаваць вам і засведчыць аб яго вялікай любові і разуменні, якія ён мае ў адносінах да вас», — адзначыў кардынал у звароце.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.