Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да законных сясцёр: будзьце радасныя, бо цудоўна ісці за Езусам
Святы Айцец
08.05.2013 13:57

8 мая папа Францішак сустрэўся з членамі Міжнароднага аб’яднання генеральных настаяцельніц, пасяджэнне якога 3–7 мая праходзіла ў Рыме. Каля 800 законных сясцёр з 75 краін размаўлялі на тэму «Служэнне ўлады паводле Евангелля».

Як паведамляе Ватыканскае радыё, падчас сустрэчы Пантыфік параўнаў манаскае жыццё да «зыходу» з сябе для распачацця шляху глыбокай адарацыі і служэння. Гэтыя два элементы, па словах Папы, непадзельныя ў жыцці кансэкраваных асобаў. Ажыццяўленне ўлады Святы Айцец параўнаў да поўнага адмаўлення ад сябе.

Пантыфік нагадаў аб яшчэ адным элеменце паклікання законніц — паслухмянасці, якая звязана непасрэдна з выкананнем Божай волі і адбываецца ў манаскіх супольнасцях праз пасрэдніцтва людзей. Паводле Святога Айца, паслухмянасць трэба заўсёды разглядаць у кантэксце служэння Касцёла і рэалізацыі яго функцый. Манаская беднасць, у сваю чаргу, дапамагае пераадолець любые формы эгаізму і жыць паводле логікі Евангелля. Папа заклікаў законніц вучыцца сапраўднай беднасці, ідучы да самых пакрыўджаных у гэтым свеце.

Таксама Пантыфік адзначыў, што, абіраючы «чыстасць для Валадарства Нябеснага», законніцы дэманструюць сталую свабоду і прыкметы будучага свету. Па словах Святога Айца, кансэкраванае жыццё мае «духоўную плоднасць», а кожная законніца з’яўляецца маці на ўзор Марыі і Маці-Касцёла.

Папа нагадаў настаяцельніцам, што «рэальная ўлада на любым узроўні — гэта служэнне, вяршыняй якога з’яўляецца Крыж», а ў вачах Бога ўлада атаясамліваецца з пакорай і любоўю. Пантыфік з жалем заўважыў, што Касцёл пакутуе ад кар’ерыстаў, якія «выкарыстоўваюць» яго як «трамплін» для дасягнення ўласных інтарэсаў і асабістых амбіцый.

Акрамя гэтага, Папа заклікаў кіраўніцтва манаскіх супольнасцяў да клопату аб здаровай дактрыне «ў духу Касцёла».

«Будзьце радасныя, бо цудоўна ісці за Езусам, цудоўна станавіцца жывой іконай Маці Божай і нашай святой іерархічнай Маці-Касцёла», — сказаў на заканчэнне папа Францішак.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме