Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзень кансэкраванага жыцця ў Гродне: з радасцю ў штодзённым служэнні
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.02.2013 15:21

Згодна з задумай бл. Яна Паўла ІІ, які ўпершыню ў 1997 годзе ўвёў святкаванне Дня кансэкраванага жыцця, 4 лютага ў Гродне сабраліся законнікі і законніцы з Гродзенскай дыяцэзіі на супольную малітву на чале з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам. Сабраныя дзякавалі Богу за дар паклікання.

Дзень кансэкраванага жыцця — гэта час, калі перш за ўсё дзякуем законніцам, айцам і братам законным за сведчанне штодзённага жыцця. Хабіт, які мы бачым на такіх асобах, з’яўляецца знакам прысутнасці Пана Бога сярод нас. У гэты дзень Касцёл цешыцца і ганарыцца тым, што існуе вялікая колькасць сыноў і дачок, якія пад дзеяннем Божай ласкі жадаюць у жыцці чагосьці большага за тое, што дае хрост. Гэта тыя, каго не задавальняе мінімум хрысціянскага жыцця, які заключаецца ў захаванні запаведзяў.

Дзень кансэкраванага жыцця — гэта таксама дзень удзячнасці ўсім тым, хто пайшоў за голасам Хрыста, ведучы манаскае жыццё і рэалізуючы харызмы сваіх заснавальнікаў. Таму ў гэты дзень біскуп Гродзенскі падзякаваў усім, хто жыве евангельскімі парадамі чыстасці, убоства і паслухмянасці, за адданае служэнне паўсюднаму Касцёлу праз рэалізацыю сваіх харызмаў: «Дзякую вам за тое, што робіце дзеля таго, каб евангелізацыя распаўсюджвалася на ўсіх людзей».

Урачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч, адбылася ў гродзенскай катэдры. У гаміліі, якую прамовіў а. Юрый Саковіч OSPPE, было падкрэслена, што Езус — наша святло і ежа. «Жыццё хрысціяніна павінна быць, як свечка на падсвечніку: канкрэтнае, празрыстае, палаючае, як агонь», — адзначыў святар. Найсвяцейшая Панна Марыя, як дадаў а. Саковіч, таксама прынесла жыццё ў святыню, каб яно было светачам, каб аб’явілася, выражаючы такім чынам прагненне многіх маці і айцоў. Далей святар разважаў над тым, як вытрываць на падсвечніку, каб не згас гэты агонь. Як адзначыў а. Саковіч, Касцёл палымнее толькі тады, калі корміцца Эўхарыстыяй: «Касцёл з’яўляецца светачам тады, калі мае вогненныя языкі Духа Святога».

Няма святла без Эўхарыстыі — такімі былі далейшыя разважанні святара: «Касцёл не з’яўляецца святлом для свету, калі не сплывае алей ласкі Цела і Крыві». І як адзначыў, людзі Касцёла — духоўныя асобы — таксама не раз з’яўляюцца вінаватымі ў гэтым. Толькі «асабістая чыстасць робіць магчымым тое, каб нескавана займацца асвячэннем шляху тысячам і ўмацаваннем аслабленых». Святар нагадаў таксама пра моц граху, які можа выклікаць у чалавеку згасанне і аслабленне веры, што можа прывесці да «змроку пыхі, вечару ляноты, прыцемкаў хцівасці, цемры нячыстасці, зацьмення гневу, поўначы пажадлівасці і захаду зайздрасці», а тады — «светач стане кнотам, які дыміцца».

На заканчэнне разважанняў над словам Божым а. Саковіч заахвоціў прысутных быць сапраўдным полымем Божай любові.

Біскуп Кашкевіч на заканчэнне святой Імшы заклікаў звярнуць увагу на асобу і паставу Сімяона, бо менавіта ў ім праяўляецца чалавек узрушаны і ўнутрана свабодны, які ў стане стаць перад абліччам смерці. Як адзначыў іерарх, Сімяон і яго пастава мае вельмі шмат супольнага з кансэкраванымі асобамі. «Шматлікія пакаленні кансэкраваных асобаў вучаць, што нельга зведаць блізкасці з Хрыстом, нельга задаволіць прагненне сэрца, якое  смуткуе, мець унутраную свабоду без адыходу, без пакідання чагосьці або кагосьці, без адыходу ўбок, без замыкання за сабою дзвярэй і без аддавання Богу ўсяго, што маё». Як заўважыў іерарх, усё пачынаецца ад аўтэнтычных адносін з Хрыстом, з крочання за Ім шляхам евангельскіх парадаў. Біскуп пажадаў кансэкраваным асобам, каб праз усё манаскае жыццё ім спадарожнічала радасць у служэнні і штодзённым жыцці евангельскімі парадамі.

У гэты дзень сабраныя на літургіі маглі больш поўна адчуць супольнасць асобаў, якія жывуць адным пакліканнем, у адным лакальным Касцёле, якім з’яўляецца Гродзенская дыяцэзія.

Дзеля Яго варта пакінуць усё, каб толькі быць пры Ім, каб толькі з ачышчаным і свабодным сэрцам мець здольнасць ісці Яго крокамі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме