Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мінскім Чырвоным касцёле прайшла сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.04.2013 16:54

25 красавіка ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены адбылася пастырская сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Разам з прыняццем дару паклікання святары і кансэкраваныя асобы ўступаюць на шлях унутранага фармавання і дасканалення, мэта якіх — святасць, да якой заклікае Хрыстус. Другі Ватыканскі Сабор у дэкрэце, прысвечаным святарскай фармацыі, вучыць, што «аднаўленне ўсяго Касцёла залежыць у вялікай меры ад служэння святароў, ажыўленага Хрыстовым духам». З гэтай мэтай праходзяць сустрэчы духавенства са сваім іерархам.

Канферэнцыю на тэму споведзі прамовіў падчас сустрэчы кс. Андрэй Далянскі, які адзначыў, што праз сакрамэнт пакаяння здзяйсняецца пашырэнне культу Езуса Міласэрнага. Святар нагадаў таксама пра сумленнае выкананне абавязкаў душпастырскага служэння.

Канферэнцыю на тэму «Значэнне літургіі ў новай евангелізацыі» прамовіў кс. Уладзімір Русак, віцэ-рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Святар заўважыў, што Езус жадае застацца з намі ў літургіі, якая з’яўляецца найлепшым месцам спаткання Бога з чалавекам, і падчас гэтай сустрэчы нішто не павінна перашкаджаць.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі падчас святой Імшы, узгадваючы св. Марка, евангеліста, якога Касцёл успамінае ў гэты дзень, заўважыў, што сёння ў абвяшчэнні Божага слова святары і кансэкраваныя асобы павінны прамаўляць да чалавека сучаснай і зразумелай мовай. Па словах арцыбіскупа, гэта неабходна для таго, каб «дзякуючы нашаму навучанню як мага больш людзей маглі прыйсці да Божай праўды, пазнаць Хрыста».

Таксама падчас сустрэчы Мітрапаліт нагадаў святарам пра набліжэнне ўрачыстасцяў 400-годдзя прысутнасці абраза Маці Божай у Будславе, пра тое, што Святы Айцец Францішак прызначыў свайго легата на Будслаўскія урачыстасці — старшыню Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынала Жана-Луі Тарана. Іерарх паведаміў, што былі прызначаны дзве суправаджаючыя папскага легата асобы: кусташ Будслаўскага санктуарыя а. Віктар Бурлака OFM і пробашч парафіі Свв. Сымона і Алены ў Мінску кс. Уладзіслаў Завальнюк.

Наступная пастырская сустрэча адбудзецца 5 чэрвеня ў Радашковічах.

Кс. Юрый Марціновіч

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме