У Баварыі прайшлі цэнтральныя ўрачыстасці Сусветнага дня хворых |
12.02.2013 16:07 |
11 лютага ў Альтоцінгу (Германія) адбыліся цэнтральныя ўрачыстасці Сусветнага дня хворых. Святую Імшу ў баварскім марыйным санктуарыі ўзначаліў старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі.
У гаміліі старшыня Папскай рады падкрэсліў, што санктуарый у Альтоцінгу вельмі блізкі сэрцу Святога Айца Бэнэдыкта XVI, ад якога іерарх атрымаў спецыяльнае благаслаўленне ўзначаліць гэтыя ўрачыстасці. Арцыбіскуп дадаў, што хворыя з’яўляюцца цэнтрам увагі і навучання Папы. Тыя, хто ім служыць, вартыя таго, каб называцца міласэрнымі самаранамі, і да гэтага пакліканы ўсе вернікі.
Па інфармацыі польскай рэдакцыі Ватыканскага радыё, падчас літургіі арцыбіскуп ўдзяліў сакрамэнт намашчэння хворых, а таксама абвясціў тэмы трох наступных Сусветных дзён хворага.
У межах урачыстасцяў санктуарыю ў Альтоцінгу былі перададзены рэліквіі благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. (AG)
|