Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Экуменічная малітва ў інтэнцыі хворых у Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.02.2013 12:42

Нягледзячы на тое, што Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў ужо даўно мінуў, у Гродзенскім абласным шпіталі 11 лютага, калі Касцёл адзначае Сусветны дзень хворага, маліліся аб тым, каб усе былі адно. На малітве сабраліся прадстаўнікі розных веравызнанняў: прадстаўнікі рыма- і грэка-каталіцкага Касцёлаў, а таксама евангельскай і лютэранскай Цэркваў.

Да супольнай малітвы былі запрошаны працаўнікі службы аховы здароўя: урачы і мядсёстры, якія працуюць у Гродзенскім абласным шпіталі. Таксама шматлікія хворыя прынялі ўдзел у малітве, якая ўзносілася ў гэты дзень да Бога менавіта за іх.

Душпастыр супрацоўнікаў службы аховы здароўя Гродна кс. Мікалай Ціхановіч, ініцыятар гэтай экуменічнай малітвы, у размове з карэспандэнтам Сatholic.by указаў мэту сустрэчы, якая адбылася ў першыню, — сярод працаўнікоў службы аховы здароўя і хворых «узмацніць веру ў слова Божае, узмацніць веру ў Езуса Хрыста», а «прысутнасць прадстаўнікоў розных Цэркваў нагадвае нам пра тое, што ёсць адзін Бог і трэба нястомна імкнуцца да адзінства ўсіх хрысціянаў». Як дадаў кс. Ціхановіч, « хрысціянства толькі ў адзінстве мае вялікую моц».

Жаданнем не толькі душпастыра супрацоўнікаў службы аховы здароўя, але і прадстаўнікоў розных Цэркваў з’яўляецца тое, каб падобныя сустрэчы адбываліся рэгулярна, бо іх мэта таксама ў евангелізацыі працаўнікоў шпіталя і медперсанала, магчымасць сустрэцца з чалавекам, які знаходзіцца ў патрэбе і ў адносінах да якога нельга быць абыякавым.

Малітву суправаджаў спеў групы праслаўлення з Царквы «Жывое слова».

Да прысутных са сваім словам звярнуліся прадстаўнікі розных Цэркваў. Ксёндз Мікалай Ціхановіч, назваўшы бальніцу «месцам евангелізацыі», падкрэсліў, што «медыцына павінна быць скіравана перш за ўсё на чалавека, які разглядаецца ў яго цэласнасці — адзінстве цела, духа і эмацыйнай сферы». «Бальніца з’яўляецца таксама месцам біяэтычных дылем, а сёння яна самае сапраўднае поле бітвы, дзе вырашаецца пытанне, як прымяняць дасягненні медыцыны», — дадаў кс. Ціхановіч, нагадаўшы пра місіянерскі мандат Езуса Хрыста, які ўключае ў сябе два асноўныя аспекты, заўсёды актуальныя для Касцёла: «абвяшчэнне Божага слова і клопат пра хворых».

Айцец Андрэй Крот, душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне засяродзіўся на «пакаянні як шляху да ацалення». «Пакаянне — гэта нашае навяртанне да Бога, спаўненне Яго запаведзяў. Нам, людзям, неабходна павярнуцца да Бога і ісці ў Яго кірунку, бо Ён — крыніца нашага жыцця».

На важнасць Божага слова звярнуў увагу Дзмітрый Малюкевіч, пастар Царквы поўнага Евангелля «Жывое слова» ў Гродне: «Трэба мець веру ў моц Божага слова. Калі мы маем гэтае слова ў сэрцы, у нас з’яўляецца сіла. Бог дае нам гэтую сілу менавіта ў слове Божым».

Аб тым, як «убачыць у асобе хворага брата святое аблічча Хрыста» падзяліўся Уладзімір Татарнікаў, пастар Рэлігійна-лютэранскай супольнасці ў Гродне: «Царква заклікае ўбачыць у твары хворага чалавека лік Хрыста. Бо сам Хрыстус у вобразе хворага прыходзіць да нас». Пастар заахвоціў, каб час Вялікага посту стаў часам уважлівых адносін да людзей.

Віктар Стэпко, служачы Царквы «Жывое слова» ў Гродне, член культурна-асветніцкай установы АСЕТ даў сведчанне на тэму «Хрыстус-Лекар». Віктар Стэпко падзяліўся, як у сваім жыцці сустрэў Хрыста, які заўсёды жывы і дзейсны, які чыніць цуд аздараўлення ў нашым жыцці.

На заканчэнне сустрэчы хворыя атрымалі спецыяльнае благаслаўленне.

Кс. Юрый Марціновіч

(VGr)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме