Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Кашкевіч да Душпастырства студэнцкай моладзі «Open»: будзьце абвяшчальнікамі Добрай Навіны пра Езуса Хрыста
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
11.01.2013 17:17

10 студзеня маладыя вернікі Гродна, якія належаць да Душпастырства студэнцкай моладзі «Open», сабраліся на традыцыйнай сустрэчы з нагоды Божага Нараджэння. Для кожнай з такіх сустрэч характэрны непаўторная атмасфера, свой асаблівы настрой, радасць, якая напаўняе сэрцы ўдзельнікаў. Так стала і на гэты раз, калі моладзь сабралася вакол свайго ардынарыя, біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

Акрамя студэнтаў, у сустрэчы ўдзельнічалі таксама маладыя сем’і і працуючая моладзь. Літургія, якую ўзначаліў біскуп Кашкевіч, праходзіла ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі.

У гаміліі іерарх адзначыў, што кожны год свята Божага Нараджэння нагадвае вялікую праўду веры: «У асобе Езуса Хрыста сам Бог прыйшоў да нас і стаўся чалавекам, ва ўсім падобным да нас, апрача граху, каб вызваліць нас з няволі граху і аб’явіць нам адвечную і бясконцую любоў Айца Нябеснага — любоў, якая дае збаўленне».

Біскуп звярнуў увагу таксама на тое, што сёння моладзь жыве ў час тэхналагічнага прагрэсу, «чалавечай думкі і цывілізацыі». Па словах гродзенскага ардынарыя, сёння відавочна, як «розныя вынаходніцтвы аблягчаюць людзям жыццё, узвышаюць яго якасць». Аднак гэтае развіццё, дадаў іерарх, часта вядзе да адмаўлення чалавекам Бога. Наш сучаснік нярэдка «становіцца бяссільным перад абліччам розных цярпенняў, цяжкіх жыццёвых здарэнняў, няздольны супрацьстаяць спакусе эгаізму», а ў сэрцы адчувае «страх, неспакой і згубленасць, недахоп праўды і любові». Такім чынам, нягледзячы на новыя дасягненні і поспехі, ён «застаецца самотным і няшчасным».

Біскуп Аляксандр Кашкевіч патлумачыў прычыну гэтага: «Крыніца многіх цярпенняў і няшчасцяў сучаснага чалавека — у яго адыходзе ад Пана Бога. Чым больш ён спрабуе будаваць шчасце сваімі рукамі, без Бога і нават супраць Яго, тым больш адчувае сваю згубленасць і расчараванне». «Пакуль чалавек не адбудуе ў сабе даверу да Бога, пакуль не паверыць у Яго надзвычайную любоў, яго сэрца не знойдзе шчасця і ўнутранага супакою», — падкрэсліў іерарх.

Пастыр Касцёла ў Гродне нагадаў моладзі, што Бог заўсёды жадае дапамагчы чалавеку выйсці з няволі і духоўнай цемры: «Людзям, аслепленым уласным эгаізмам, Хрыстус адкрывае вочы. Глухім на Божае слова і на голас свайго сумлення Ён вяртае слых. Зняволеным злом — абвяшчае сапраўдную свабоду, якая з’яўляецца плёнам Божай ласкі і Божай міласэрнасці». Біскуп дадаў, што кожны чалавек можа зведаць гэтую аздараўляючую моц Збаўцы, а для гэтага «трэба толькі паверыць і даверыцца, адкрыць Хрысту дзверы свайго сэрца і дазволіць, каб Ён увайшоў і спыніўся там».

Асаблівасцю моладзевай сустрэчы стаў і спектакль на тэму Божага Нараджэння, падтрыхтаваны маладымі вернікамі. Упершыню гісторыю Нараджэння Збаўцы моладзь расказала праз тэатр ценяў. Галоўнай у гэтым прадстаўленні была думка: «Божае Нараджэнне — гэта калі ў нас саміх нараджаецца Хрыстус, а таксама калі Ён прыходзіць у іншым чалавеку. Дазволім Хрысту нарадзіцца ў нас».

Незвычайная атмасфера панавала і падчас дзялення аплаткай. Маладыя католікі па чарзе падыходзілі да свайго іерарха, каб выказаць віншаванні, абмяняцца словамі і атрымаць благаслаўленне на новы год. Ад імя Душпастырства студэнцкай моладзі з пажаданнямі да біскупа Кашкевіча звярнуліся маладыя сужэнцы, якія пазнаёміліся менавіта ў гэтым душпастырстве і ў мінулым годзе прынялі сакрамэнт шлюбу.

Гродзенскі ардынарый заахвоціў удзельнікаў сустрэчы імкнуцца даваць найпрыгажэйшае сведчанне сваёй прыналежнасці Хрысту. «Будзьце сведкамі Хрыста ў месцах сваёй працы і вучобы, у адносінах з калегамі і сябрамі», «будзьце абвяшчальнікамі Добрай Навіны пра Езуса Хрыста, адзінага Збаўцу свету», — такія словы пакінуў біскуп моладзі — сапраўднай будучыні Касцёла — на парозе новага года.

Кс. Юрый Марціновіч

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме