Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з вернікамі магілёўскай катэдры з нагоды Божага Нараджэння
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
30.12.2012 13:53

30 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў літургію ў магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава. Пасля Імшы адбылася калядная сустрэча іерарха з вернікамі.

З нагоды свята Святой Сям’і, якое Касцёл адзначае ў гэты дзень, Мітрапаліт прысвяціў гамілію ролі Святой Сям’і ў ажыццяўленні Божага плану збаўлення. Менавіта ў сям’і, як адзначыў арцыпастыр, прыйшоў на свет Збаўца, у сям’і Ён «выхоўваўся да адзінай і вялікай місіі збаўлення чалавецтва».

Як дадаў Мітрапаліт, таксама і сучасная сям’я, якая перажывае сур’ёзны крызіс, павінна адыграць вялікую ролю ў збаўленні чалавека. Яна павінна быць «хатнім Касцёлам, месцам першай евангелізацыі, месцам, дзе маладое пакаленне вучыцца паслухмянасці, павазе да старэйшых, працы, добраму прыкладу хрысціянскага жыцця». Па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, закладзеныя падчас катэхізацыі падмуркі веры павінны развівацца і ўмацоўвацца ў сям’і. Сям’я павінна таксама «адыгрываць вельмі важную ролю ў працэсе новай евангелізацыі, каб сучасны свет знайшоў згубленую веру і яе ўмацоўваў».

Мітрапаліт даручыў сем’і парафіі апецы Святой Сям’і, як узору, які павінны пераймаць сучасныя сем’і.

Арцыпастыр удзяліў благаслаўленне сем’ям, падзяліўся аплаткай з прысутнымі вернікамі і пажадаў ім у хрысціянскім духу працягваць святкаваць Божае Нараджэнне і шчаслівага Новага года, шчодрага на Божыя ласкі і дары.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме