Роля бацькі ў сям’і. Моладзь Магілёва разважала пра постаць св. Юзафа |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
25.03.2013 12:07 |
23 сакавіка ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася малітоўная сустрэча моладзі пад дэвізам «Па прыкладзе святога Юзафа», якая была часткай парафіяльных велікапосных рэкалекцый. У сустрэчы, як звычайна, прынялі ўдзел маладыя вернікі з магілёўскіх парафій Святога Антонія і Святога Казіміра, а таксама госці з віцебскай парафіі Святой Барбары і нават прадстаўнік католікаў Камеруна. Сустрэча была прысвечана асобе св. Юзафа, зямнога апекуна Езуса Хрыста, які ўсім сваім жыццём даў прыклад бязмежнай веры, вернасці Пану Богу, стаў узорам ахвярнага бацькоўства, мужнасці і адданасці ў сужэнстве. Дзень абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі ўвесь Каталіцкі Касцёл адзначаў напярэдадні, 19 сакавіка. Распачалася сустрэча літаніяй да св. Юзафа, якую правяла віцебская моладзь. Благаславіў сабраных вернікаў і вёў сустрэчу кс. Віталь Бурко. Дырэктар дабрачыннай арганізацыі «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч правёў канферэнцыю на тэму «Роля бацькі ў сям’і», падчас якой хлопцы атрымалі парады, як стаць сапраўдным бацькам і мужам, а дзяўчаты — падказку, як сваімі паводзінамі прабудзіць і падтрымліваць у хлопцах мужнасць. Спадар Уладзіслаў падкрэсліў важнасць і нават заклікаў моладзь навучыцца чысціні ў паводзінах і абавязковасці ў выкананні любых дадзеных абяцанняў. Кульмінацыяй дня стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая распачалася ў 15.00. Падчас яе прысутныя маліліся вяночак да Божай Міласэрнасці, радасныя таямніцы Ружанца і спявалі аб трываласці ўсіх ужо існуючых сем’яў у Беларусі, а таксама за моладзь, якая яшчэ створыць уласныя сем’і, каб у іх панавала любоў да Бога і ўзаемная пашана і паразуменне. Сваімі думкамі, уражанямі і пачуццямі моладзь змагла абмяняцца за кубкам гарбаты. Наступная частка сустрэчы праходзіла пад дэвізам «Пане, памнож у нас веру», якая складалася з Крыжовага шляху і маленькай тэатральнай пастаноўкі, падрыхтаванай самадзейнымі маладымі артыстамі парафіі. На заканчэнне сустрэчы і рэкалекцый адбылася святая Імша, якую цэлебараваў ксёндз дэкан Раман Факсінскі. Яна Шумская, Святлана Шумская |
Фотарэпартаж |