Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чуванне моладзі ў Магілёве: Божае Нараджэнне будзе мець сэнс, калі Хрыстус сваёй ласкай народзіцца ў сэрцах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.12.2012 14:14

У ноч з 8 на 9 снежня ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава прайшло малітоўнае чуванне моладзі пад дэвізам «Хто прымае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае» (пар. Лк 9, 48). Чуванне, у якім прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, стала падрыхтоўкай да ўрачыстасцяў Божага Нараджэння.

«Дар мацярынства, як і дар айцоўства, на жаль, не з’яўляецца сёння вялікай каштоўнасцю ў вачах моладзі, — дзеліцца развагамі парафіянка магілёўскай катэдры, удзельніца чування Яна Шумская. — Таму, выбіраючы тэму для чування, мы вырашылі спыніцца на гэтай важнай праблеме, каб нагадаць хлопцам і дзяўчатам пра той дар, якім кожны з іх валодае».

Распачыналася чуванне Марыйным апэлем у 21:00, у працяг якога з канферэнцыяй пра каштоўнасць сям’і да моладзі звярнуўся дырэктар дабрачыннага фонда «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч.

У сваёй прамове Уладзіслаў Валаховіч распавёў пра стан мацярынства і бацькоўства ў Еўропе, закрануўшы праблемы, з якімі сутыкнуўся інстытут сям’і ў заходніх краінах. Тлумачачы прычыны гэтых праблем, дакладчык назваў парушэнне цнатлівасці і імкненне хутчэйшага спазнання ўсёй асалоды дарослага жыцця. 

«Прыводзячы на гэты конт цытаты з Бібліі, прамоўца простай мовай літаральна на пальцах патлумачыў нам складаныя рэчы, — дадае Яна. — І людзі з цікавасцю слухалі яго. А затым кожны жадаючы ў індывідуальным парадку мог звярнуцца з асабістымі пытаннямі да жонкі спадара Уладзіслава, прафесійнага псіхолага Алены Валаховіч, якая таксама дапамагае мужу ў „Адкрытых сэрцах“».

Цэнтральным момантам вечаровай сустрэчы стала святая Імша, якую цэлебраваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Звяртаючыся да ўдзельнікаў чування, арцыбіскуп нагадаў, чаму так важна памятаць пра сэнс Адвэнту, калі вернікі чакаюць святаў Божага Нараджэння:

«Уцелаўленне Сына Божага — гэта цуд, (…) у якім праявілася бязмежная Божая міласэрнасць, якая потым рэалізавалася для нашага збаўлення ў самай радыкальнай форме — на дрэве крыжа».

Арцыпастыр прапанаваў вернікам, рыхтуючыся да святаў Божага Нараджэння, спытаць сябе: «А што з нашай верай?», ці сапраўды мы верым ў Бога, без якога страчвацца сэнс існавання?

«Праз сваё Нараджэнне Хрыстус змяніў свет. Святло Яго Евангелля заззяла ў цемры духоўнай ночы. Яго ўбачылі пастушкі і магі з Усходу. Убачылі Яго і мільярды людзей за апошнія дваццаць стагоддзяў», — адзначыў іерарх.

Мітрапаліт звярнуў увагу, што ў сучасным свеце ўсё часцей заўважаецца сумненне адносна веры — «ціхая і адначасова вельмі небяспечная зброя». «Таму нам неабходна шукаць духоўную моц, каб захаваць хрысціянскія каштоўнасці і імі жыць», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Тэкст гаміліі тут.

«Дарагая моладзь, Бог чакае ад вас адказу», — звярнуўся арцыпастыр да ўдзельнікаў малітоўнага чування. 

Пасля Імшы Мітрапаліт Кандрусевіч падзяліўся аплаткам з прысутнымі маладымі людзьмі і пажадаў ім шчаслівага свята, поўнага Божай ласкі. Паводле слоў іерарха, Божае Нараджэнне толькі тады будзе мець сэнс, калі «Хрыстус сваёй ласкай народзіцца ў сэрцах і яны стануць Бэтлеемам нашага часу».

«Імша прайшла на адным дыханні. Маіх знаёмых, якіх я запрасіла і якія раней ніколі не былі ў касцёле, вельмі ўразіў наш Мітрапаліт і яго словы. — распавядае Яна Шумская. А далейшая аплатковая сустрэча — гэта быў па-сапраўднаму казачны момант. Было столькі пажаданняў: вельмі прыемна назіраць, як хлопцы і дзяўчаты камунікуюць паміж сабой».

Другую частку моладзевага чування адкрывала тэатральная пастаноўка. Сцэнка распавядала гісторыі ненароджаных дзяцей. Гэтай жа тэме быў прысвечаны Крыжовы шлях, які рыхтавала моладзь з магілёўскай парафіі св. Антонія. На кожны прыпынак зачытваліся «думкі ненароджаных дзяцей: ці пакінуць мяне мама з татам, ці змагу я ўбачыць неба і адчуць, як пахнуць кветкі?..».

Пасля перапынку на гарбату і свежае паветра чуванне было працягнута ў малітве — Ружанцам і Вяночкам да Божай Міласэрнасці.

«Адным з найбольш духоўна моцных момантаў стала для мяне адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту,— расказвае Яна. — Пасля выстаўлення кожны з нас падыходзіў да святара, які трымаў манстранцыю з Целам Хрыста, і давяраў Богу свае думкі...» 

Пасля благаслаўлення, калі кожны прабываў ва ўнутранай засяроджанасці, святыню пачалі запаўняць спевы.

«Мы спявалі пад гітару, пад фартэпіяна. Спявалі песні, аб якіх раней не дамаўляліся — усміхаецца Яна. — Але яны ішлі ад сэрца, як падзяка Богу за ўдзеленыя нам ласкі…»

Заключнай часткай чування стаў супольны прагляд фільма пад назвай «Аднойчы праз 20 гадоў»: фабула стужкі пераклікалася з дэвізам малітоўнага чування. Завяршылася моладзевая сустрэча сумеснай малітвай, у якой кожны з прысутных змог пераканацца: пакуль ёсць моцныя ў веры маладыя сэрцы, будучыня ў Касцёла Беларусі ёсць.

(JLS), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме