У ноч з 15 на 16 снежня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшло малітоўнае чуванне моладзі пад дэвізам «Памнож у нас веру, Пане». На сустрэчу сабраліся маладыя людзі з розных куткоў Беларусі.
У чуванні ўдзельнічала як моладзь з Мінска (архікатэдры, Чырвонага касцёла, парафій на Залатой Горцы, у Кунцаўшчыне, Зялёным Лузе, Ждановічах), так і з Віцебскай вобласці (Мёраў, Глыбокага, Параф’янава, Ваўкалатаў, Паставаў, Лынтупаў, Падсвір’я, Дрысвятаў), з Нарачы, Будслава, Вілейкі, Маладзечна, Смаргоні, Крупак, Брэста, Магілёва, Гродна і іншых мясцін.
Як паказала рэгістрацыя ўдзельнікаў, колькасць усіх склала прыблізна 370 асобаў. Безумоўна, мінская катэдра збірала і большую колькасць у мінулыя гады, але трэба адзначыць, што ў гэтым годзе ўдзельнікам трэба было пераадолець не толькі саміх сябе, шлях, але і перашкоды, ці лепш — прыгоды, сапраўднай зімы. Таму тыя, хто прыехаў, могуць атрымаць сапраўдны бонусны статус «трывалых» і «адважных».
У ліку гэтых трывалых і адважных, безумоўна, не мог не быць паважаны Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Тэкст гаміліі Мітрапаліта Кандрусевіча тут>>> Ад імя моладзі хацелася б скласці асобную падзяку прадстаўніку Папы ў нашай краіне за прыклад смеласці і гарачыні. За заклік і натхненне ў пошуках «ключоў, з дапамогай якіх мы можам адкрыць дзверы сэрца для Бога». Для нас, моладзі, патрэбны прыклад тых, хто ўжо знайшоў гэтыя ключы, запрасіў Бога ў сваё жыццё і горача сведчыць аб Збаўцы і аб Яго Праўдзе. Мы, моладзь, вельмі ўдзячныя Богу за тое, што ў дадзены час у нашу краіну Ён пасылае такіх людзей, як Вы.
Кожная агульная сустрэча аб’ядноўвае нас усё больш, узмацняе ў Хрысце і ў імкненні служыць Яго любові. Найважнейшым жа момантам гэтай сустрэчы, для нас, маладых, былі не толькі павучальныя прамовы, але і асабістая магчымасць дакрануцца да Божай таямніцы. Шмат хлопцаў і дзяўчат прыступілі да сакрамэнту пакаяння і паяднання з Богам. Вялікая ўдзячнасць Богу за святароў, праз якіх стала магчымай гэтая лучнасць з Яго Праўдаю.
Дзякуючы адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, тэатральнай пастаноўцы, падрыхтаваным прэзентацыям, спевам і малітвам кожны ўдзельнік чування меў магчымасць стаць бліжэй да Бога і да сябе самога.
Падчас чуванняў, ахвярнай малітвы ад заходу да ўзыходу сонца, якраз і можна зрабіць дадатковыя высілкі, каб зірнуць глыбей у сваю сутнасць, запытацца ў самога сябе пра сябе. Суцішыцца, паразважаць, спыніцца на некаторы час, каб потым, з новымі думкамі, падвёўшы пэўныя высновы, рушыць далей, упэўніўшыся, што ідзеш тым шляхам, якім трэба, альбо, наадварот, што гэты шлях трэба змяніць або ўдасканаліць.
Дзякуючы такім чуванням, магчымасці спыніцца і паназіраць за сваім сэрцам, кожны прысутны можа крыху больш даведацца пра сябе і пра Створцу, і, магчыма, адшукаць ключы, якія згубіў, спяшаючыся ўсё паспець… Аксана Ючкавіч
|