Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскі Нунцый узначаліў літургію на пачатак Пантыфікату Святога Айца Францішка
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
16.04.2013 23:01

16 красавіка ў мінскай архікатэдры адбылася святая Імша з удзелам каталіцкіх біскупаў Беларусі, каб урачыста цэлебраваць пачатак Пантыфікату папы Францішка і дзякаваць за гэты новы дар, які Бог даў Касцёлу. Літургію ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

У Імшы ўдзельнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі кс. прэлат Францішак Кісель, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары і кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, Праваслаўнай і Лютэранскай Цэркваў, вернікі Мінска.

На пачатку Імшы да прысутных звярнуўся на беларускай і англійскай мовах Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх адзначыў, што з абраннем папы Францішка «распачалася пісацца новая старонка гісторыі Касцёла». «Увага, якая была звернута на выбары новага Пантыфіка, нагадвае аб значэнні і ролі Касцёла і яго бачнай галавы ў сучасным свеце», — дадаў арцыпастыр.

«З абраннем новага Папы мы звязваем новыя надзеі. Да гэтага схіляюць нас  паходжанне Папы, яго езуіцкая фармацыя і імя. Сімвалічна, што новы Пантыфік паходзіць з Буэнас-Айрэса, што з’яўляецца знакам універсальнасці Касцёла і ўнясення ў яго жыццё свежага паветра, бо «Буэнас-Айрэс» перакладаецца як „добрае паветра“», — сказаў іерарх.

«Усведамляючы адказнасць служэння Пантыфіка ў наш час, Каталіцкі Касцёл моліцца ў гэтай інтэнцыі, моліцца ва ўсім свеце, моліцца і ў Беларусі», — падкрэсліў Мітрапаліт.

Поўны тэкст слова Мітрапаліта>>>

«Сёння мы сабраліся, каб узнесці свае малітвы да Бога за нашага Папу. Касцёл – гэта Хрыстова Цела, і Бог ніколі не забываецца пра сваё жывое цела», — сказаў у гаміліі Апостальскі Нунцый.

«Мы молімся за новага Біскупа Рыма, і ў той самы час молімся за сябе. Згодна з даручэннем, якое было дадзена Апосталу Пятру, місія Папы заключаецца менавіта ў тым, каб ён узмацняў веру сваіх братоў і сясцёр. Ён, згодна са старажытным тытулам, ёсць „Слуга Слугаў Божых“», — адзначыў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Прадстаўнік Святога Айца нагадаў, што «мы прачыталі бясконцую колькасць старонак з водгукамі, высновамі і прагнозамі адносна новага Папы». «Свет цікавіцца Касцёлам так доўга, як доўга той выклікае сенсацыю. (…) Незадоўга да гэтага мы бачылі панаванне бруду, якім палівалі Касцёл, каб паказаць, наколькі нягодным ён ёсць», — дадаў арцыбіскуп.

«Людзі хочуць знакаў, а дакладней: хлеба, — Бог становіцца выгадным чарадзеем, і мы можам перамагчы спаборніцтва з іншымі багамі, дэманструючы, што наш Бог мацнейшы і больш выгадны, — патлумачыў іерарх. — Але Езус расчараваў людзей, якія прасілі хлеба: (…) „Я тут, каб наталіць прагненне праўды, справядлівасці і любові“».

«Францішак, як і ўсе папярэднія Папы, ужо падкрэсліў, што толькі гэта таямнічая, асабістая, гарачая камунія з асобай Езуса Хрыста ёсць збаўленнем свету, — адзначыў Апостальскі Нунцый. — Езус — гэта хлеб жыцця. І тут, у Эўхарыстыі, разумеем, што гэты хлеб – гэта паламаны хлеб. Таму што жыццё Езуса было паламанае. Паламанае смерцю. Паламанае Яго ўласным жэстам, калі Ён ламаў хлеб уласнага цела і падаваў сваім вучням на Апошняй Вячэры. Хлеб павінен прайсці праз смерць, каб стаць хлебам жыцця».

Па словах арцыбіскупа, «зараз мы молім Бога за той час, калі папа Францішак, так, як і ўсе хрысціяне, сутыкнецца з мучаніцтвам цярплівасці», «мучаніцтвам самотнасці, незразумення, быць можа, непрыняцця». «Папа сам падкрэсліў таямніцу крыжа, калі сказаў: „Калі мы крочым без крыжа, калі будуем без крыжа, калі вызнаём Хрыста без крыжа, мы не вучні Пана — мы вучні гэтага свету“», — нагадаў прадстаўнік Пантыфіка.

«Божа, благаславі папу Францішка, Касцёл і род людскі, і дазволь, каб хлеб, паламаны за многіх, быў заўсёды хлебам новага і вечнага жыцця. Няхай крыж будзе дрэвам жыцця», — такія словы малітвы прамовіў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Поўны тэкст гаміліі Апостальскага Нунцыя>>>

Напрыканцы літургіі да прысутных звярнуўся старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Аляксандр Кашкевіч. «Праз удзел у сённяшнім набажэнстве мы падзякавалі Пану Богу за дар папы Францішка для Паўсюднага Касцёла, — адзначыў іерарх. — Сёння мы дзякавалі Богу за незабыўны вечар 13 сакавіка, калі прагучала радаснае „Habemus Papam!“, калі ўпершыню мы ўбачылі папу Францішка і пачулі яго словы, поўныя цеплыні, любові і пакорнасці».

«У першых словах, скіраваных да вернікаў адразу ж пасля выбару на Пасад святога Пятра, папа Францішак прасіў аб малітве, — нагадаў гродзенскі ардынарый. — Няхай Езус Хрыстус апякуецца папам Францішкам (…), каб ён абвяшчаў сучаснаму свету Добрую Навіну аб збаўленні».

Протаіерэй Аляксандр Шымбалёў перадаў віншаванні ад Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта і ўсяго кіраўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы з нагоды абрання Рымскага Папы Францішка. «На гэтай пасадзе мы жадаем новаму Папу духоўнай мудрасці, мужнасці, каб весці вернікаў да Хрыста і годна адказваць на ўсе выпрабаванні часу», — сказаў святар.

Віншаванні выказаў таксама пастар Рэлігійна-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў. Між іншым, пастар узгадаў пра нядаўнюю сустрэчу папы Францішка са старшынёй Рады Евангелічнай Царквы ў Германіі Нікалаусам Шнайдэрам, адзначыўшы, што яна прайшла ў сапраўдным духу адзінства.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме