16 красавіка 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл
Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, вашы Эксцэленцыі Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, Пінскі біскуп Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі ксёндз прэлат Францішак Кісель, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сергей Гаек, прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы айцец Аляксандр Шымбалёў, прадстаўнік лютэранскай супольнасці пастар Уладзімір Татарнікаў, паважаныя святары і кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламатычных місій, браты і сёстры!
На пачатку гэтай святой Імшы ад усяго сэрца шчыра вітаю ўсіх вас.
Познім вечарам 13 сакавіка гэтага года з балкона базылікі св. Пятра ў Рыме кардынал протадыякан Жан-Луі Таран, які, дарэчы, учора быў прызначаны папскім легатам на юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе, абвясціў свету, што Калегія кардыналаў выбрала новага Папу, якім стаў арцыбіскуп Буэнас-Айрэса кардынал Хорхе Марыа Берголіа, што абраў сабе імя Францішак.
Тады распачалася пісацца новая старонка гісторыі Касцёла. Увага, якая была звернута на выбары новага Пантыфіка, нагадвае аб значэнні і ролі Касцёла і яго бачнай галавы ў сучасным свеце.
Напэўна, многія былі здзіўлены, чаму Папам не быў абраны ні адзін з фаварытаў. На гэтае пытанне трэба адказаць пытаннем: а хто вызначаў фаварытаў? Людзі. А на самой справе выбірае Дух Святы, які дзейнічае праз кардыналаў-выбаршчыкаў. Пасля інаўгурацыі новага Папы я сустрэўся з некалькімі кардыналамі-выбаршчыкамі. Яны казалі, што не могуць нічога расказаць пра канклаў, бо гэта таямніца. Аднак могуць пацвердзіць, што сапраўды Дух Святы так дзейнічаў, што не было іншага выбару, як толькі кардынал Берголіа.
Упершыню Наступнікам апостала Пятра і Вікарыем Хрыста стаў прадстаўнік Лацінскай Амерыкі і езуіт. Упершыню таксама мы маем Папу з іменем Францішак.
Касцёл павінен вырашаць праблемы, з якімі спатыкаецца, і адказваць на выклікі часу. Так было заўсёды, так ёсць цяпер і будзе ў будучыні. Гэта азначае, што Касцёл заўсёды патрабуе рэформы. Нездарма ёсць такая лацінская прыказка: «Ecclesia simper reformanda» — «Касцёл заўсёды рэфармуецца».
З абраннем новага Папы мы звязваем новыя надзеі. Да гэтага схіляюць нас паходжанне Папы, яго езуіцкая фармацыя і імя. Сімвалічна, што новы Пантыфік паходзіць з Буэнас-Айрэса, што з’яўляецца знакам універсальнасці Касцёла і ўнясення ў яго жыццё свежага паветра, бо «Буэнас-Айрэс» перакладаецца як «добрае паветра». Езуіты таксама адзначаюцца сваёй станоўчасцю, што вельмі важна для правядзення рэформ. А імя новага Пантыфіка сведчыць аб намеры выконваць атрыманую ад Бога ўладу праз служэнне, што і пацвердзіў Папа падчас сваёй інаўгурацыі.
Усведамляючы адказнасць служэння Пантыфіка ў наш час, Каталіцкі Касцёл моліцца ў гэтай інтэнцыі, моліцца ва ўсім свеце, моліцца і ў Беларусі. Таму сённяшняе набажэнства, ініцыятарам якога з’яўляецца Апостальскі Нунцый, вельмі важнае. Сёння мы просім Бога аб патрэбных папу Францішку ласках ў кіраванні Касцёлам у наш час, калі хвалі ўзбуранага акіяну секулярызму вельмі моцна пагражаюць касцёльнаму караблю. Мы молім Бога, каб узначалены новым Пантыфікам Касцёл быў «Gaudium et spes» — радасцю і надзеяй сучаснага свету, а сам Папа, умацаваны Езусам, умацоўваў нас у веры.
|