17 сакавіка 2012 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі
Кайцеся і верце ў Евангелле (Мк 1, 15)
Глыбокапаважаная моладзь!
1. Гэтымі словамі Евангелле паводле Марка распачынае абвяшчэнне свету Езуса і Яго пасланне збаўлення: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 14–15). Гэта таксама першыя словы, з якімі Хрыстус звярнуўся да сваіх слухачоў, і таму яны праграмныя, бо праблема навяртання і праблема веры была, ёсць і заўсёды застанецца першаснай.
Прыйсце Сына Божага ў свет азнаменавала сабой прыйсце новай эры — эры ласкі і збаўлення. Першыя словы Збаўцы з’яўляюцца заахвочваннем да прыняцця вялікай навіны, самога Валадарства Божага, якое Езус, прыбліжаючы яго да кожнага чалавека, чыніць даступным усім. Такім чынам Ён адразу паказвае шлях да яго дасягнення. Гэта навяртанне і вера ў Евангелле, што азначае радыкальную змену жыцця і прыняцце Божага слова.
Нагадваючы заклік Езуса, які заахвочвае да навяртання і веры ў Евангелле, нам неабходна ўспомніць і нашу гісторыю і падзякаваць Богу за сведчанне веры нашых продкаў. Колькі добрых традыцый нарадзіла вера і любоў да Касцёла на нашай зямлі! Са здзіўленнем глядзім, як папярэднія пакаленні адказвалі на выклікі часу, асабліва ў гады ганенняў на Касцёл. Было вельмі цяжка знайсці святара, каб паспавядацца і прыняць святую Камунію, але яны ехалі за сотні, а нават тысячы кіламетраў, бо былі людзьмі моцнай і глыбокай веры. Не было рэлігійных кніг і Евангелля, але яны разважалі над ім у таямніцах Ружанца і вучылі гэтаму маладыя пакаленні.
2. Сёння ў новых абставінах свабоды веравызнання, якой цешымся апошнія два дзесяцігоддзі, падчас нашага традыцыйнага велікапоснага чування спытаемся ў сябе: а як ёсць з намі? Ці ў часы новых выклікаў адыходу ад веры, яе аслаблення і выкаранення з яе сутнасці, а таксама рэлігійнага індыферэнтызму і анальфабетызму мы чуем заклік Езуса да навяртання? Ці сапраўды імкнёмся да паглыблення веры ў Евангелле? Ці справа нашага асабістага навяртання і навяртання нашага народа з’яўляецца для нас першаснай? Ці справа веры дамінуе ў нашым жыцці? А можа, усё гэта мы лічым перажыткам мінулага? Нездарма сёння ўсё больш і больш праяўляюцца тэндэнцыі выкаранення граху са свядомасці чалавека. Усё часцей можна пачуць сцверджанне, што, маўляў, чалавек не можа зграшыць. Акрамя гэтага, Бог міласэрны і ўсё даруе.
Гэта праўда, што Бог міласэрны. Але Ён яшчэ і справядлівы, і ўсялякая несправядлівасць павінна быць выпраўлена. Над гэтым мы павінны задумацца сёння. Вялікі пост павінен паглыбіць нашу сувязь з Хрыстом і Касцёлам, а таксама дазволіць па-новаму ўзглянуць на клопаты штодзённага жыцця.
3. Найперш трэба мець адвагу навярнуцца. Што азначае гэтае слова, з якога Езус распачаў сваё навучанне? Біблейскі тэрмін «навяртанне» азначае змену спосабу мыслення і жыцця. Гэтая перамена павінна быць радыкальнай і рашучай, таму яна патрабуе адвагі. Гэта, як кажа св. Ян Хрысціцель, прыкладванне сякеры да кораня зла (пар. Мц 3, 1). У нашым выпадку — да кораня нашага граху, абыякавасці, дрэнных звычак.
Так трэба ўчыніць, бо крыніца ўсялякага зла знаходзіцца ў нас саміх, у фальшыва зразуметай свабодзе. «Тое, што выходзіць з чалавека, робіць яго нячыстым. Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, чужаложства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэтае зло выходзіць знутры і робіць чалавека нячыстым», — вучыць Езус (пар. Мк 7, 21–22).
4. Каго заклікае да навяртання Евангелле? Каму б’юць званы?
Нам, хрысціянам, і асабліва хрысціянскай моладзі, якая знаходзіцца на скрыжаванні дарог і перажывае сапраўдную трагедыю. З аднаго боку, ёй хочацца быць сучаснай. Сучасны свет вабіць і абяцае лёгкае шчасце, якое найчасцей вядзе да страты надзеі, няшчасця або нават трагедыі. З іншага, перад ёй стаіць патрабаванне Божага закону, які, як дарожны знак, далёка не ўсё дазваляе. Захоўваючы яго, малады чалавек рызыкуе быць высмеяным і нават не прынятым сваім асяроддзем.
Што тады чыніць? У якім накірунку пайсці? Ці можна адначасова захаваць Божы закон і быць сучасным?
Напэўна, не адзін і не адна з вас задае сёння такое або падобнае пытанне. Пытанне гэтае актуальнае заўсёды, але асабліва ў Вялікім посце як часе навяртання.
І тут трэба сказаць, што ў працэсе навяртання няма і не можа быць зніжкі і паблажкі. Неабходна пакорна стаць перад Панам і спыніцца над нашай адказнасцю, якую мы нясём за праяўленне зла ў свеце. Прызнанне віны не з’яўляецца знакам слабасці, але знакам духоўнай моцы і сілы. Толькі моцны пасля падзення ўстае. Гэтае правіла дзейнічае як у фізічным, так і ў духоўным свеце. Як супольнасць, прыналежная да Касцёла, які ёсць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення, мы не можам падрыхтавацца да галоўнага свята — Пасхі — без асабістага і грамадскага навяртання, без ачышчэння ад памылак, нявернасці, непаслядоўнасці і занядбання. Благаслаўлёны Ян Павел II кажа, што прызнанне ўчарашніх слабасцяў — гэта акт адвагі, які дапамагае ўмацаваць нашу веру, пабуджае чуйнасць і гатоўнасць супрацьстаяць спакусам і цяжкасцям (пар. TMA 26.33).
5. Евангелле прадстаўляе нам шмат прыкладаў навяртання. Некаторыя з іх актуальныя і сёння.
Што азначалі навяртанне і вера ў Евангелле для мытніка Закхея (пар. Лк 19, 1–10)? Што яно азначае для тых, хто сёння знаходзіцца ў падобнай сітуацыі: для эканамістаў, дзяржаўных служачых, бізнесменаў, банкіраў і г.д.? Найперш яно азначае ўрэгуляванне ўсіх спраў паводле прынцыпу сацыяльнай справядлівасці і выпраўленне крыўды.
Што азначалі вера ў Евангелле і навяртанне для грэшніцы, якая прыйшла да Езуса ў доме Пятра (пар. Лк 7, 37–38)? Яны азначалі кардынальную змену жыцця. Гэтага самага сёння Езус чакае ад жывучых падобным чынам мужчын і жанчын.
Што азначалі вера ў Евангелле і навяртанне для Саўла, які пераследаваў хрысціян, а потым стаў Паўлам — апосталам народаў? Кардынальную перамену жыцця, бязмежны давер Езусу і абвяшчэнне Добрай Навіны ўсім людзям. Гэта пасыл, скіраваны да сучасных людзей, якія жывуць далёка ад Бога.
Евангелле таксама падае прыклады тых, хто адкінуў заклік Хрыста да навяртання і веры ў Евангелле. Гэта фарысеі, вучоныя ў Пісанні, багаты малады чалавек. Як шмат у іх смутку і сумнення!
Менавіта таму ў Вялікім посце Касцёл скіроўвае да нас заклік, які не можа застацца без адказу: «У імя Хрыста просім вас, паяднайцеся з Богам» (2 Кар 5, 20).
6. Вялікі пост таксама павінен спрыяць аднаўленню нашай веры і сведчанню хрысціянскага жыцця. Вера дапамагае зведаць дабрыню Бога, якая аб’явілася ў жыцці, дзеях і вучэнні Хрыста і ўмацоўвае нашу надзею.
Дзякуючы цноце надзеі, хрысціянін сведчыць, што гісторыя, нягледзячы на існуючае зло, тым не менш мае ў сабе добрае насенне, якое Бог развівае ва ўсёй паўнаце. Таму хрысціянін глядзіць у будучыню з надзеяй, якая нараджаецца з веры ў абяцанні Пана. Вера і надзея павінны праяўляцца ў любові. Таму нам неабходна дапамагчы адно аднаму не трапіць у путы зла, а можа, нават выйсці з духоўнага крызісу. Мы бачым, як сучасны свет топіцца ў моры алкагалізму, наркотыкаў, прастытуцыі, нязгоднага з воляй Божай сексуальнага жыцця, парнаграфіі, нецэнзурнай мовы, насілля і г.д. Вельмі часта сама моладзь з’яўляецца прычынай распаўсюджвання гэтага зла.
Калі мы сапраўды жадаем навярнуцца, то ласкай свайго асабістага навяртання неабходна падзяліцца з іншымі і дапамагчы ім выбрацца з грахоўных путаў і залежнасці, каб сучаснае маладое пакаленне не адчувала сябе пакаленнем згубленых. На гэтым шляху асабістага навяртання і дапамогі сваім аднагодкам нельга гасіць свайго ідэалізму і ўражлівасці на хрысціянскія каштоўнасці. Нельга заставацца абыякавымі да лёсу сваіх сяброў і сябровак. Няхай радасць вяртання да дому айца марнатраўных сыноў і дачок, а таксама знаходжання згубленых авечак стане як мага больш частай у нашым грамадстве.
7. «Хрысціянін, пазнай сваю годнасць», — казаў св. Леў Вялікі. Дзякуючы сакрамэнту хросту мы сталі святынямі Духа Святога. Праз навяртанне і веру ў Евангелле нам неабходна захаваць у сабе гэты бясцэнны боскі дар, бо д’ябал заўсёды нас спакушае і, як рыклівы леў, хоча як мага больш душаў зацягнуць у свае сеткі.
Спакуса прыемная і прывабная да таго часу, пакуль з’яўляецца толькі спакусай. Але яна становіцца трагедыяй, калі пераходзіць у грэх. Злы дух завяршыў сваю справу і адыхозіць, а чалавек бачыць, што застаўся голы, бо пазнаў зло ва ўсёй яго праўдзе. Чалавек зведвае рэчаіснасць граху. З аднаго боку, голас сумлення яму кажа, што ён паступіў дрэнна, а з іншага — ён далей чыніць зло, хоць гэта ўсведамляе. Тут можна сказаць: ведаю, што такое дабро, але чыню зло. Ідал сучаснай моладзі сербскі рэжысёр Эмір Кустурыца кажа, што «свабода — гэта цяжка, а рабства — заўсёды лёгка» (http://style.rbc.ru/person/2011/12/13/ 162875.shtml).
Дзе знаходзіцца выйсце з гэтай сітуацыі? Шлях адзін і адзіны — вярнуцца да Айца і вызнаць перад Ім: «Ойча, зграшыў супраць неба і супраць Цябе», або выбраць дарогу Юды, дарогу распачы, што не дай Божа.
8. У наш час свабоды веравызнання і адначасова час лібералізму мы, на жаль, дабравольна даходзім да абсурду. Нярэдка моладзь пытаецца ў старэйшых а нават і ў ксяндза: «Ці абавязковыя велікапосныя рэкалекцыі?» Не, гэта не першамайская дэманстрацыя, якая была калісьці абавязковай. «Ці можна ў пост хадзіць на танцы?» Можна, нават у Вялікую пятніцу, але ці можна танцаваць, калі ў той час хтосьці памірае? «Ці можна ўжываць наркотыкі?» Можна, але ці хоча разважны чалавек сам нішчыць сваё здароўе?
Штодзень у малітве «Ойча наш» мы просім Бога: «не ўводзь нас у спакусу». Гэта азначае, што мы просім Бога, каб не дапусціў для нас такога вопыту, з якім мы не справімся. Бог дапускае спакусы, каб нас выпрабаваць і загартаваць, і Ягоная ласка дастатковая, каб з кожнага выпрабавання мы маглі выйсці пераможцамі.
Але калі чалавек паддасца спакусе, то яму становіцца ўсё лягчэй чыніць новы грэх, і так ажно да апантання злым духам.
Таму, паступаючы нязгодна з Божым навучаннем, чалавек кажа: а можа, мы паразважаем, як павінны паступаць, каб не жыць у сярэднявеччы. Змяняюцца часы і звычаі, чаму не можа змяняцца і маральны закон? Мы можам самі сабе яго ўстанавіць. І ўстанаўляюць. Гэта прынятыя ў многіх краінах свету законы аб разводах, абортах, эўтаназіі, гомасексуальных саюзах з правам усынаўлення дзяцей, штучнае запладненне і многае іншае. Гэта ўсё не што іншае, як неадпаведнае разуменне і выкарыстоўванне Божага дару свабоды.
9. Як цяжка ў наш час паверыць слову Божаму, як цяжка жыць паводле Божага закону, як цяжка цярпець, як цяжка ставіць сабе патрабаванні і г.д.? Сучасны свет звар’яцеў. З аднаго боку вагаў паставіў Бога, а з іншага — часовыя зямныя справы і задавальненні.
У такіх абставінах мы чынім тое, што нам хочацца і што прапагандуюць мас-медыя, якія становяцца сучасным дыктатарам. Забываемся аб сапраўдных каштоўнасцях, аб жыцці згодна з нашым пакліканнем, якое мы атрымалі ад Бога. Лічым, што мы ўсё маем і што для поўнага шчасця Бог нам не патрэбны. Нярэдка сучасны чалавек лічыць, што Бог і вера ў сучасным свеце — гэта перажытак мінулага і цемра.
Аднак з іншага боку праблемы сучаснасці сведчаць аб тым, што на самой справе сучасны, вельмі добра адукаваны і тэхнічна развіты свет усё больш і больш пагружаецца ў цемру, ён гіне разам з «прагрэсам». У той жа час Бог заўсёды застаецца нязменным. Ён вучыць нас любові, праўдзе, справядлівасці. Вучыць, як мы павінны жыць і паступаць. Таму свету патрэбна навяртанне, патрэбна скіраванасць да Бога, патрэбна сапраўднае святло, бо ён згубіўся ў цёмным лабірынце сучаснасці і не бачыць святла, якое б’е ад Езуса і заклікае да навяртання. Мы баімся ахвярнасці, а сучасны свет у той жа час прапануе вызваленне ад усялякіх наказаў і абмежаванняў. Што мы выбіраем у такой сітуацыі? Татальную свабоду чыніць усё, што хочацца, ці свабоду дзяцей Божых? Ці абсалютная свабода без адказнасці давяла чалавека да праўды і любові? Ці такі чалавек кіраваўся ў сваім жыцці дабром іншага чалавека?
Меркаванне, што я свабодны ў сваіх паводзінах і спосабе жыцця, вядзе да граху, як прывяло нашых першых бацькоў, вядзе да несвабоды і грахоўнай залежнасці. Будзеце як богі, спакушаў іх злы дух. Паслухайце мяне, і вы зможаце самі вырашаць, што дабро, а што зло. Такое меркаванне — гэта не што іншае, як імкненне жыць свабодай ад Бога і Яго закону, замест таго, каб жыць свабодай дзяцей Божых паводле ўстаноўленага Творцам закону для нашага ж дабра.
10. Таму нам патрэбны Вялікі пост, каб мы маглі выйсці на пустыню свайго жыцця і здалёк ад гоману гэтага свету паразважаць аб сваім жыцці. Паразважаць аб тым, што азначае быць чалавекам. Ці я на самой справе падобны да таго, які створаны па вобразу і падабенсту Божаму і ці з’яўляюся святыняю Духа Святога? Што для мяне азначае быць свабодным? Ці я сапраўды свабодны? А можа, праз свабоду паводзін трапіў у алкагольную, наркатычную і сексуальную залежнасць? Што азначае верыць у Бога? Ці я сапраўды з’яўляюся веруючым, а можа, толькі ўяўляю сабой карыкатуру хрысціяніна, кажу, што веру, а жыву, як язычнік? Ці давяраю Богу, а можа, дэкларуючы сваю веру, у той жа час звяртаюся да чараўніц, займаюся акультызмам і магіяй? Што такое сапраўная свабода, талерантнасць, патрыятызм і салідарнасць? Мы так часта ўжываем гэтыя словы, не разумеючы іх сапраўднага значэння. Можа, варта сёння падумаць над гэтым і зрабіць адпаведныя высновы? Некаторых злых духаў, як кажа Хрыстус, можна выгнаць толькі пастом і малітвай (пар. Мк 17, 21).
Як добра, што мы маем час Вялікага посту, час ласкі і час навяртання, час аднаўлення веры ў Евангелле! Гэта час, калі мы можам нанова распачаць сваё жыццё. Час посту — гэта час лячэння нашай душы.
Калі мы жадаем перажыць сапраўдную радасць Пасхі, то ў Вялікім посце павінны заплакаць, як плакаў Пётр і як плакала Магдалена. Толькі ў гэтым выпадку, калі да нас прыйдзе ўваскрослы Езус, мы зможам сказаць Яму: «Раббуні… Умілаваны Настаўнік!» Іншыя не будуць мець адвагі паглядзець Яму ў вочы і спаткацца з Ім.
11. У Санкт-Пецярбургу ў Эрмітажы знаходзіцца славутая карціна Рэмбрандта «Вяртанне марнатраўнага сына». Аднойчы група маладых людзей была на экскурсіі ў гэтым музеі. Не ўсе, як было бачна, прыглядваліся да экспанатаў. Многія хацелі б хутчэй выйсці. Аднак ля карціны Рэмбрандта адзін з іх стаяў, як укапаны. «Хадзем, даволі ўжо глядзець», — казалі яму сябры. Ён, аднак, адказаў: «Не магу адарваць свой позірк ад гэтай карціны; чым больш гляджу на яе, тым больш праўды аб самім сабе адкрываю».
12. Дарагая моладзь, напэўна, сярод многіх спакус ёсць адна асаблівая. Д’ябал шэпча: ты яшчэ малады і маеш час, бо маладосць мае свае правы. Гэта праўда, што малады, але правам маладосці павінна быць таксама і права навяртання і аднаўлення веры ў Евангелле, бо час праходзіць хутка.
Няхай жа Вялікі пост і сённяшняе наша чуванне прыблізяць да нас карціну Вяртання марнатраўнага сына, каб мы ў ёй убачылі сябе; няхай стануць часам абуджэння з грахоўнага маразму і пачаткам новага жыцця, якое ўмее пагадзіць сучаснасць з Божым законам, каб у велікодную раніцу мы маглі паглядзець уваскросламу Езусу проста ў вочы і заспяваць радаснае «Аллелюя» як гімн сучасных, духоўна жывых маладых людзей, якія радуюцца маладосці. Амэн.
|