Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: першы крок да жыцця вечнага — захаванне Божых запаведзяў
Слова Папы
16.12.2012 15:18

Па традыцыі ў трэцюю нядзелю Адвэнту папа Бэнэдыкт XVI асвяціў фігурку Дзіцятка Езус, якую прынеслі на плошчу Св. Пятра дзеці і якая будзе пакладзена ў яслі. А ў сённяшнім разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» Святы Айцец нагадаў, што «першы крок да жыцця вечнага — захаванне Божых запаведзяў».

Пантыфік прапанаваў паразважаць над сённяшнім фрагментам Евангелля, у якім на заклік Яна Хрысціцеля падрыхтавацца да прыйсця Пана некаторыя пытаюцца ў яго: «Настаўнік, што мы павінны рабіць?» Ян Хрысціцель заахвочвае таго, хто мае дзве вопраткі, аддаць адну з іх таму, хто не мае ніводнай. Тут, па словах Пантыфіка, мы бачым «крытэрый справядлівасці, ажыўленай любоўю»: справядлівасць «патрабуе пераадолення дыспрапорцыі паміж тым, хто мае празмерна, і тым, у каго няма неабходнага; любоў пабуджае да чуласці да іншага чалавека і да выхаду насустрач яго праблемам, а не да пошуку справядлівасці для абароны ўласных інтарэсаў». «Справядлівасць і любоў не супярэчаць адна адной, але абедзве яны неабходныя і дапаўняюць адна адну», — дадаў Папа.

Другі свой адказ Ян Хрысціцель дае тым, хто збіраў падаткі. Часта яны выкарыстоўвалі сваё становішча для таго, каб красці, іх не любілі і пагарджалі імі. Ян Хрысціцель, як адзначыў Папа, не заклікае іх змяняць працу, але толькі «не браць больш за тое, што ім вызначана». Такім чынам, «прарок не патрабуе ў імя Бога нейкіх выключных учынкаў, але найперш сумленнага выканання сваіх абавязкаў».

Трэці адказ Яна, працягваў Святы Айцец, скіраваны да салдат — яшчэ адной катэгорыі людзей, якая валодала пэўнай уладай і таму часам была схільная да злоўжыванняў. Ян Хрысціцель заклікае іх нікога не прыгнятаць. Па словах Папы, у гэтым выпадку бачна, што «навяртанне пачынаецца ад павагі да іншых: гэта ўказанне, якое датычыць усіх, асабліва тых, каму даручана вялікая адказнасць».

Пантыфік звярнуў увагу на «вялікую канкрэтнасць слоў Яна: Бог будзе судзіць нас паводле нашых учынкаў, таму ў нашых паводзінах нам неабходна выконваць Яго волю». «Указанні Яна Хрысціцеля заўсёды актуальныя, і таксама ў нашым свеце, такім складаным, справы ішлі б значна лепш, калі б кожны захоўваў гэтыя правілы», — дадаў Бэнэдыкт XVI.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме