Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Іўі маліліся за працаўнікоў МНС і ахвяраў пажараў
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.05.2013 12:10

4 мая Каталіцкі Касцёл узгадваў святога Фларыяна, мучаніка пачатку IV стагоддзя, апекуна пажарнікаў. З гэтай нагоды ў Iўі (Гродзенская дыяцэзія) адбылася ўрачыстая святая Iмшa з удзелам працаўнікоў раённай службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

З ініцыятывай падобных малітоўных сустрэч яшчэ гадоў 15 таму выступіў пробашч парафіі кс. Ян Гавецкі, паколькі лічыць неабходным праводзіць душпастырскую працу з рознымі групамі насельніцтва. Так цяпер у парафіі праводзяцца сустрэчы з настаўнікамі, медыкамі, працаўнікамі міліцыі і МНС.

Як паведаміў святар, звычайна сустрэчы праходзяць у дзень успаміну нябеснага заступніка пажарнікаў — св. Фларыяна. Падчас Імшы прысутныя моляцца да Бога за працаўнікоў МНС, у тым ліку загінуўшых падчас працы, а таксама за ўсіх ахвяраў пажараў. Пасля сустрэча праходзіць у сяброўскай гутарцы за гарбатай. Сустрэча аб'ядноўвае працаўнікоў МНС незалежна ад іх веравызнання: католікаў, праваслаўных і мусульман.

У апошнія гады прадстаўнікі раённай службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ужо самі выступаюць з ініцыятывай сустрэч і запрашаюць святара да сябе на прафесійнае свята.

На гэты раз падчас літургіі кс. Ян Гавецкі павіншаваў прысутных з днём святога апекуна і пажадаў Божай апекі і дапамогі св. Фларыяна ў іх так патрэбнай людзям і небяспечнай працы.

Святлана Жылевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.