Ад Ліхені да Падуі: вернікі з Іўя наведалі еўрапейскія санктуарыі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
07.05.2013 14:32 |
Больш за 6500 кіламетраў праехалі вернікі з Іўя на чале з пробашчам парафіі апосталаў Пятра і Паўла кс. Янам Гавецкім. Адмысловая пілігрымка, падчас якой удалося наведаць знакамітыя еўрапейскія санктуарыі і святыні (Непакалянуў, Ліхень, Парыж, Лурд, Ля Салет, Падуя, Венецыя, Лагеўнікі) прайшла па ініцыятыве пробашча і была прымеркавана да Года веры. Пілігрымы, сярод якіх акрамя католікаў былі таксама і праваслаўныя вернікі з Іўя, знаходзіліся ў дарозе адзінаццаць дзён. Некаторыя выправіліся ў незвычайнае падарожжа ўпершыню, для кагосьці паездка і ўвогуле стала першай замежнай у жыцці. «Падобныя пілігрымкі стараемся ладзіць штогод па меры магчымасці, — распавядае кс. Ян Гавецкі. — Ужо былі падарожжы ў Чэнстахову і ў святыя месцы Італіі. Сёлета найбольш уразіў і запомніўся Лурд. Асабліва ўрэзаўся ў памяць вобраз хворых, якія, пераадолеўшы дзясяткі і тысячы кіламетраў, з вялікай надзеяй у вачах прыйшлі пакланіцца Маці Божай, адкрываючыся на яе ласку…». Гэтае падарожжа паводле пробашча для ўсіх удзельнікаў пілігрымкі было не толькі напоўнена незабыўнымі эмоцыямі, але і служыла ўмацаваннем веры пілігрымаў. Пасля вяртання ў Беларусь у парафіі св. Пятра і Паўла ўжо адбылася адна з першых сустрэч, дзе пілігрымы дзяліліся ўражаннямі. «У дарозе мы маліліся за паўсюдны Касцёл, за Беларусь, за дыяцэзію і родную парафію, — дадае кс. Ян. — Пілігрымка была духоўна плённай, таму дадому мы вярнуліся духоўна ўмацаванымі». (JLS)
|