| Арцыбіскуп Пеццы пра пілігрымку расіян на Святую Зямлю: адчуць, як Бог звяртаецца да чалавека | 
	| 19.11.2012 16:45 | 
|  «На Святой Зямлі расійскія пілігрымы змаглі адчуць, як Бог звяртаецца да чалавека», — адзначыў ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пеццы. 90 расійскіх вернікаў на чале з іерархам пабывалі на Святой Зямлі 9–16 лістапада.
 Як падкрэсліў арцыбіскуп Пеццы ў інтэрв’ю агенцтву КАІ, пілігрымка стала незабыўным перажываннем, «дала магчымасць вернікам убачыць на свае вочы месцы, дзе хадзіў Езус, Сын Божы, і дзе адбыліся Яго найбольш узрушальныя спатканні з людзьмі».
 Удзельнікі пілігрымкі, як дадаў іерарх, глыбока перажывалі святую Імшу пры Гробе Пана. Гэтае падарожжа дапамагло расійскім вернікам «усвядоміць, чым ёсць Касцёл, які з’яўляецца працягам жыцця і місіі Хрыста на зямлі і ў гісторыі». 
 У ходзе пілігрымкі вернікі сустрэліся з лацінскім Патрыярхам Іерусаліма арцыбіскупам Фуадам Туалем, які распавёў ім пра сітуацыю хрысціян на Святой Зямлі. Пра служэнне францішканаў у гэтых мясцінах падарожнікам расказаў кусташ Святой Зямлі. Таксама расійскія католікі сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, вызнаўцамі розных рэлігій, і гэтыя сустрэчы «дапамаглі адчуць братэрскія адносіны паміж людзьмі розных веравызнанняў».
 
 (AG) 
 |