Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы перад футбольным матчам каманды святароў з камандай міліцыі

4 сакавіка 2013 г., Іўе

Глыбокапаважаныя святары, міліцыянеры, вернікі!

1. У маім ужо не малым святарскім і біскупскім досведзе сённяшняе набажэнства з’яўляецца асаблівым, бо гэта святая Імша не толькі з нагоды свята святога Казіміра, якога мы сёння ўспамінаем, але і свята міліцыі, а таксама футбольнага спаборніцтва паміж святарамі і міліцыяй. Гэта, напэўна, нешта новае, але гэта таксама і знак нашага часу, бо Касцёл адкрыты для ўсіх і павінен духоўна апекавацца ўсімі людзьмі, у тым ліку і міліцыяй.

Яшчэ не так даўно ў часы ганенняў на веру міліцыянер, як прадстаўнік улады, у многіх людзей асацыяваўся з тымі, хто пераследуе веру, хоць на самой справе гэта не факт. І ў тыя часы многія прадстаўнікі ўлады, у тым ліку і міліцыянеры, заставаліся веруючымі і прымалі ўдзел у набажэнствах.

Радуе тое, што сёння ў новых абставінах свабоды веравызнання міліцыянеры таксама могуць свабодна вызнаваць сваю веру і для іх праводзяцца свае набажэнствы. Думаю, што прыйдзе час, калі і ў нас будуць капеланы міліцыі.

2. Святар і міліцыянер: што ў іх супольнага і ў чым розніца?

Чалавек — гэта цялесна-духоўнае Божае стварэнне. Ён жыве ў матэрыяльным свеце, у якім устаноўлены свае правілы і законы, якія ён павінен захоўваць. Чалавек таксама мае душу і таму павінен жыць паводле ўстаноўленых Богам законаў. Адпаведныя дзяржаўныя інстытуцыі наглядаюць за захаваннем свецкага права. Яны яго тлумачаць, высвятляюць, папярэджваюць і караюць у выпадку адыходу ад яго. Святар, як прадстаўнік Касцёла, таксама навучае людзей Божаму закону, яго тлумачыць і папярэджвае аб Божым пакаранні за яго незахаванне. У сакрамэнце пакаяння ён выступае не толькі ў ролі настаўніка, але і суддзі, які ацэньвае амаральны ўчынак і чалавека і вызначае пакуту.

Важным як у служэнні міліцыянераў, так і святароў з’яўляецца папярэджванне нязгодных з Божым і грамадскім правам дзеянняў. Многія баяцца міліцыянера ці іншага працаўніка службы аховы правапарадку, бо ён можа пакараць. Некаторыя баяцца ісці да споведзі, бо святар, як суддзя, таксама нагадвае ім пра іх нязгодныя з Божым законам паводзіны, павучае і накладае пакуту. Аднак гэта ўсё чыніцца не для таго, каб пакараць, але каб паправіць чалавека, даць яму магчымасць змяніць сваё жыццё.

Як бачна, функцыі працаўніка службы аховы парадку і святара ў многім супадаюць з той розніцай, што яны адносяцца да іншых сфераў жыцця і дзеяння чалавека — да вонкавай і ўнутранай. Але, маючы на ўвазе дабро чалавека і яго гарманічнае развіццё, яны дзейнічаюць накіравана для дабра чалавека, а ўзаемадзеянне можа прынесці шмат добрага. Менавіта таму Касцёл духоўна апякуецца таксама і міліцыяй.

3. Сённяшняя сустрэча людзей з такімі рознымі пакліканнямі і сферамі дзейнасці аб’ядноўвае нас. Яна паказвае, што іх можа аб’яднаць не толькі змаганне дзеля дабра чалавека, супольная малітва, але і спорт, у нашым выпадку футбол. Як малітва, так і спорт не маюць межаў, яны аб’ядноўваюць усіх. А што датычыцца футболу, то гэта, напэўна, найлепшы прыклад глабалізацыі ў сучасным свеце. Футболу, як і любові, усе ўзросты пакорныя.

Футбол, як найбольш папулярная гульня ў свеце, таксама мае свае правілы. Кожны спартсмен дабравольна выбірае галіну спорту, але калі абярэ, то павінен захоўваць яе правілы, гэта азначае, што павінен гуляць па правілах. У адваротным выпадку суддзя нас папярэдзіць, потым можа паказаць «жоўтую картачку» і нарэшце «чырвоную», што азначае выключэнне з гульні.

Мы ўсе — святары і міліцыянеры — павінны на футбольным полі гуляць паводле ўстаноўленых правіл, бо і над намі ёсць суддзя. Мы, у пэўным сэнсе, стражы парадку — грамадскага і духоўнага, — сёння будзем мець над сабой іншага стражніка — суддзю. Але ў нашым штодзённым жыцці мы маем яшчэ аднаго суддзю, які ніколі не памыляецца і якім ёсць Бог, які справядліва ацэньвае ўсе нашы дзеянні. У незалежнасці ад таго, быў хтосьці святаром ці міліцыянерам, ён дасць свой справядлівы прысуд яго дзеянням. Таму сённяшні футбольны матч мае не толькі спартыўнае вымярэнне, але таксама заахвочвае нас жыць паводле Божага закону.

4. Прыкладам у гэтым нам павінен быць апякун Гродзенскай дыяцэзіі — святы Казімір. Будучы чалавекам слабага здароўя, ён у той жа час быў духоўным гігантам, крэда якога былі словы: «Лепей смерць, чым грэх». Падчас падарожжа з Кракава ў Вільню ён моцна захварэў і знаходзіўся ў Гродзенскім замку. Як звычайна, ён кожны дзень прымаў удзел у святой Імшы. І вось калі, будучы смяротна хворым, падчас чытання Евангелля ён хацеў устаць, ягоныя слугі прасілі яго сядзець. Ён, аднак, адказаў: «Я не магу стаяць, калі да мяне прамаўляе мой Пан». У гэтых словах крыецца характарыстыка святога Казіміра, у якога на першым месцы быў Бог, а не зямныя каралеўскія справы.

5. Дарагія ўдзельнікі сённяшняга незвычайнага набажэнства!

Бог кожнага з нас паклікаў да спаўнення асаблівай місіі. Святар пакліканы абвяшчаць Евангелле, асвячаць людзей і разам з імі будаваць хрысціянскую супольнасць. Пры гэтым у сваім служэнні ён павінен клапаціцца аб маральным стане чалавека. Міліцыянер пакліканы наглядаць за тым, ці захоўваюць людзі свецкія законы. Але тыя і іншыя пакліканы, каб служыць чалавеку. Няхай жа святы Казімір, апякун сённяшняга дня, выпрасіць усім нам у Бога патрэбныя нашым пакліканням ласкі, а футбольная гульня ўмацуе нашу волю выконваць свае абавязкі згодна з Ягонай воляй для дабра чалавека. Амэн. 

Адноўлена 04.03.2013 14:15
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі