Аргенцінскі футбаліст: папа Францішак — чалавек высокіх каштоўнасцяў, якога патрабуе свет |
28.03.2013 12:28 |
«Усе аргенцінцы шчаслівыя мець у суайчынніках Папу. У нашай краіне вера з’яўляецца часткай нас саміх. Гэта вельмі сціплы Папа, які шмат дапамагаў бедным у Аргенціне: ён — цудоўны знак для ўсяго свету», — так каментуе абранне папы Францішка аргенцінскі футбаліст, капітан «Інтэра» Хав’ер Дзанэцці.
Футбаліст, словы якога прыводзіць руская рэдакцыя Ватыканскага радыё, нагадаў, што Пантыфік любіць футбол і балее за адзін з самых моцных аргенцінскіх клубаў, які ўваходзіць у пяцёрку нацыянальных лідараў, — «Сан-Ларэнса».
Хав’ер Дзанэцці расказаў таксама пра дабрачынную асацыяцыю, якую стварыў разам са сваёй жонкай і якая ўжо 10 гадоў дапамагае бедным аргенцінскім дзецям. «У сэрцы Папы жыве пастаянны клопат пра ўбогіх і абяздоленых. Гэта чалавек высокіх маральных каштоўнасцяў, і наш свет мае патрэбу ў такім чалавеку, — падкрэсліў футбаліст. — Не магу дачакацца моманту, каб усёй сям’ёй, з дзецьмі, сустрэцца з ім, паціснуць яму руку, прапанаваць сваю дапамогу ў любой справе». (AG)
|