Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свята Святой Сям’і адзначылі сёстры назарэтанкі ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
31.12.2012 14:51

30 снежня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне адбылася ўрачыстая літургія ў інтэнцыі сясцёр Святой Сям’і з Назарэта ў іх патранальнае свята. Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Іерарх выказаў сёстрам удзячнасць за адданую працу на карысць Касцёла ў нашай краіне, адзначыўшы, што гэтая праца вельмі патрэбная.

Сёння сёстры назарэтанкі працуюць у Гродзенскай курыі, Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску, а таксама ў многіх парафіях Беларусі. Яны займаюцца катэхізацыяй дзяцей і моладзі, апякуюцца кухняй для бедных у Гродне, праводзяць фармацыю сем’яў.

«Сваім жыццём мы стараемся наследаваць цноты Святой Сям’і — Езуса, Марыі і Юзафа, тым самым пашыраючы валадарства Божай любові сярод тых, да каго мы пасланы, — падзялілася з Сatholic.by сястра Нэрэyша CSFN — правінцыялка беларускай правінцыі Благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка. — У дзень нашага патранальнага свята мы молімся за ўсе сем’і, каб яны былі моцныя Богам. Праца з сем’ямі належыць да нашых прыярытэтных спраў, бо гэтага жадала наша заснавальніца». Як адзначыла с. Нэрэyша, сёння ў гэтай правінцыі працуюць каля 50 сясцёр.

У гаміліі падчас Імшы ў гродзенскім касцёле кс. доктар Раман Катлімоўскі нагадаў пра адносіны ў сям’і Марыі і Юзафа, дадаўшы, што яны з’яўляюцца прыкладам для ўсіх сужэнцаў. Святар падкрэсліў, што сям’я — месца асвячэння чалавека, і нагадаў пра своеасаблівы «кодэкс сям’і», які мы бачым у кнізе Сіраха (пар. Сір 3, 2-6.12-14) і які ўключае пашану да бацькоў і адказнасць за сям’ю. Першымі, хто вучыць дзяцей гэтым каштоўнасцям, з’яўляюцца, па словах святара, самі бацькі, і на іх ляжыць праца па стварэнні сапраўднага дома. Іх прысутнасць, клопат аб атмасферы ўзаемаразумення і любові, выхаваўчая праца вучаць адказнасці дзяцей.

Святар нагадаў таксама, што заснавальніца супольнасці сясцёр назарэтанак Францішка Седліска, бачачы пагрозу для сем’яў, клапоцячыся пра іх будучыню, вырашыла стварыць гэтую супольнасць, каб такім чынам ахоўваць маральнасць і хрысціянскія каштоўнасці.

Ксёндз Катлімоўскі пажадаў сёстрам назарэтанкам біблійнай мудрасці, што азначае «любові, радасці, міру, цярплівасці, дабрыні, вернасці і лагоднасці» (пар. Гал 5, 22).

Кс. Юрый Марціновіч

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме