Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у свята св. Казіміра: мы павінны быць адказнымі за лёс хрысціянства
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.03.2013 15:26

4 сакавіка, у патранальнае свята апекуна Гродзенскай дыяцэзіі св. Казіміра, які таксама з’яўляецца апекуном моладзі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. У літургіі ўдзельнічаў кс. Казімерас Жыліс, які адзначае свае імяніны і 40-годдзе святарства, разам з гродзенскімі літоўцамі.

У гаміліі Мітрапаліт прадставіў прысутным асобу св. Казіміра, нагадваючы, што яго можна лічыць нябесным апекуном народаў трох краін — Літвы, Беларусі і Польшчы. Святы нарадзіўся ў Кракаве, як літоўскі каралевіч жыў у каралеўскім палацы ў Вільні, а памёр у Гродне.

«Ці актуальны прыклад гэтага святога, які жыў у XV стагоддзі, у нашы часы?» — над такім пытаннем іерарх прапанаваў задумацца ўдзельнікам Імшы. Адказваючы на яго, Мітрапаліт падкрэсліў, што кожны святы — чалавек свайго часу, які адначасова згодна з хрысціянскай навукай адказвае на выклікі гэтага часу і іх перамагае. Такім, дадаў арцыпастыр, быў і святы Казімір, дэвізам жыцця якога былі словы: «Лепей памерці, чым зграшыць».  

Арцыбіскуп нагадаў, што гэты святы быў чалавекам высокаадукаваным, вельмі добра ведаў лацінскую мову, шмат увагі прысвячаў дабрачыннасці і дапамозе бедным і патрабуючым. Адзначаўся таксама марыйнай пабожнасцю і напісаў прыгожую песню ў гонар Маці Божай. Асабліва славіўся святы эўхарыстычнай пабожнасцю. Яго часта можна было бачыць на каленях перад дзвярыма віленскай катэдры, адаруючым Найсвяцейшы Сакрамэнт.

Здароўе святога было вельмі слабым, і ён часта хварэў. Падчас падарожжа з Кракава ў Вільню Казімір захварэў вельмі цяжка і памёр у Гродзенскім замку. Некалькі дзён перад смерцю ён прымаў удзел у святой Імшы ў замкавай капліцы. Аднойчы, калі чыталася Евангелле, ён хацеў устаць. Прысутныя казалі, што не трэба, бо хвораму можна сядзець, але святы адказаў на гэта, што не можа сядзець, калі яго Валадар прамаўляе.

«Гэтыя словы святога Казіміра — як быццам яго запавет пакаленням, — падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Нельга сядзець і нічога не чыніць у справе захавання хрысціянскіх каштоўнасцяў, калі хваля секулярызму іх нішчыць. Нельга заставацца абыякавымі ў такой сітуацыі. Мы, хрысціяне, павінны быць адказнымі за лёс хрысціянства».

Такім чыным, як падвёў выснову Мітрапаліт, прыклад святога Казіміра з’яўляецца актуальным і ў нашы часы.

«Касцёл праз сваіх святароў заклікае нас да навяртання і жыцця паводле Евангелля. Такім святаром з’яўляецца і кс. Казімерас Жыліс, які 32 гады свайго святарскага служэння прысвяціў Беларусі, служачы ўсім, нягледзячы на нацыянальнасць і мову, — нагадаў іерарх. — У яго служэнні праявіўся клопат пра кожнага чалавека. Касцёл у Беларусі ўдзячны яму за гэта. Удзячны за прыклад евангельскага радыкалізму, які ён абвяшчае. Удзячны за зафіксаваную на відэа гісторыю адраджэння Касцёла ў нашай краіне. Удзячны за яго чалавечнасць».

Мітрапаліт пажадаў кс. Казімерасу Жылісу Божага благаслаўлення, дапамогі яго нябеснага апекуна і далейшай плённай працы.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме