Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Парафіяльная ўрачыстасць у Лаздунах: быць апосталам — значыць быць жывым вобразам Настаўніка
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
29.10.2012 12:41

28 кастрычніка Касцёл узгадвае апосталаў Сымона і Юду Тадэвуша. У гэты дзень у парафіі ў Лаздунах (Гродзенская дыяцэзія, Іўеўскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць. Па запрашэнні пробашча кс. Андрэя Бурака на свята прыбылі духавенства і вернікі з навакольных парафій.

У малітве ўдзельнічалі таксама былыя парафіяне кс. Андрэя Бурака, якія напрыканцы Імшы склалі душпастыру свае пажаданні з нагоды 10-годдзя святарскага пасвячэння.

Удзельнікі літургіі сабраліся, жадаючы вучыцца ў святых апосталаў быць вучнямі Хрыста і Яго жывым вобразам. Вучань Езуса — не той, хто выконвае нейкія нормы, а той, хто ва ўсім наследуе свайго Настаўніка: думае і дзейнічае, прамаўляе і слухае так, як Ён, і ўрэшце становіцца здольным навучаць іншых жыць падобна Хрысту.

Варта адзначыць, што св. Сымон і св. Юда Тадэвуш з’яўляюцца аднымі з менш вядомых вучняў Хрыста. Святы Сымон узгадваецца ў Евангеллі толькі тры разы, евангелісты Мацвей і Марк называюць яго Сымонам Кананэйцам (пар. Мц 10, 4; Мк 3, 18). Таму некаторыя Айцы Касцёла меркавалі, што ён паходзіў з Каны Галілейскай і быў маладым чалавекам, на вяселлі якога Езус учыніў свой першы цуд. У сучаснай экзэгезе слову «Кананэец» надаецца хутчэй значэнне «шчыры, руплівы». Гэта можа азначаць, што Сымон сярод апосталаў вылучаўся сваёй справядлівасцю і нават суровасцю ў захаванні закону Майсея і звычаю народа. Сымон з’яўляецца апекуном фарбавальшчыкаў, ганчароў, грабароў і зваршчыкаў.

Пра жыццё апостала Юды нам невядома амаль нічога. Яго другое імя — Тадэвуш, што азначае «адважны» (пар. Мц 10, 3; Мк 3, 18). Ён быў адным з родных Езуса. Верагодна, яго маці была Марыя Кляопава, пра якую ўзгадвае Евангелле. Тое, што імя Юды змешчана напрыканцы ў пераліку імёнаў апосталаў, можа казаць аб тым, што ён далучыўся да вучняў Хрыста пазней. Менавіта ён на Апошняй Вячэры спытаўся ў Езуса: «Пане, чаму Ты аб’яўляешся нам, а не свету?» Юда з’яўляецца аўтарам аднаго з Пасланняў у Новым Запавеце, з якога вынікае, што ён быў чалавекам адукаваным. Святы Юда Тадэвуш з’яўляецца апекуном бальніц і медыцынскага персаналу, а найбольш вядомы як апякун у цяжкіх і безнадзейных справах.

Святую Імшу ў лаздунскай парафіі ўзначаліў дэкан Іўеўскага дэканату кс. Ян Гавэцкі. Гамілію прамовіў пробашч парафіі Святой Сям’і ў Лідзе кс. Юзаф Ганчыц. Святар адзначыў, што ў гэты такі важны для парафіі дзень вернікі прыбываюць да святыні, якой апякуюцца апосталы «руплівы» і «адважны», каб убачыць Хрыста і даверыцца Яму. Ксёндз Ганчыц заахвоціў аддаць Богу ўсе свае праблемы і цяжкасці «з верай, бо без яе няма Божага благаслаўлення».

Святар падкрэсліў, што сучаснаму чалавеку варта «ўзняць вочы і ўгледзецца ў Хрыста, які ёсць Богам». На заканчэнне кс. Ганчыц заклікаў вернікаў не баяцца быць святымі, бо гэта значыць «убачыць Езуса і аддаць Яму ўсё, што маем».

Напрыканцы ўрачыстасці адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Дзякуючы Богу за дары і ласкі, атрыманыя асабліва праз заступніцтва св. Юды Тадэвуша ў цяжкіх справах, вернікі праспявалі гімн «Te Deum laudamus».

Пасля адбыўся канцэрт у выкананні інструментальнага ансамбля «Rafika», у які ўваходзяць настаўнікі іўеўскай дзіцячай школы мастацтва. Узмоцненыя духам, вернікі вярнуліся да сваіх штодзённых заняткаў.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме