Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вернікі парафіі ў Лаздунах узгадалі свайго спачылага душпастыра
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
14.12.2012 17:03

13 снежня адзначалася 15-годдзе смерці кс. Юзафа Рагінскага, які быў пробашчам парафіі Святых Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах у 1989–1993 гг. У гэты дзень вернікі парафіі ўзгадвалі свайго душпастыра падчас літургіі.

У гаміліі пробашч парафіі кс. Андрэй Бурак нагадаў пра жыццёвы шлях спачылага душпастыра, яго служэнне, адданасць людзям. Час працы кс. Рагінскага ў Лаздунах, можа, і не быў доўгім, але гэта быў час найбольш цяжкі.

100-гадовая гісторыя парафіяльнага касцёла ў Лаздунах была вельмі насычанай. Не заўсёды святыня выконвала сакральныя функцыі. У 1948–1988 гг. касцёл выкарыстоўваўся як склад для збожжа. Прыехаўшы ў Лаздуны ў 1989 г., ксёндз Юзаф Рагінскі знайшоў святыню амаль што знішчанай. Яе трэба было адбудоўваць нанава, і святар змог надаць ёй выгляд, які па сённяшні дзень радуе вочы людзей. Ксёндз Рагінскі клапаціўся не толькі пра аднаўленне матэрыяльнага касцёла, але і пра душы і сэрцы вернікаў.

У гэты дзень за спачылага святара маліліся разам са сваім пробашчам шматлікія лаздунскія парафіяне. А пасля Імшы кожны з іх атрымаў памятны абраз з малітвай за памерлага кс. Юзафа Рагінскага.   

Кс. Андрэй Бурак

Фота Наталлі Сарэла

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.