«Летні багаслоўскі інстытут» — добрая магчымасць паглыбіць веды пра веру |
Беларуская Праваслаўная Царква |
27.06.2012 16:19 |
25 чэрвеня ў Нарачы распачалася сесія «Летняга багаслоўскага інстытута», ужо 13-га па ліку. Сёлета ЛБІ праходзіць на тэму «Хрысціянская этыка ў сучасным свеце на платформе праваслаўна-каталіцкага дыялога». Як адзначыў Першы Намеснік Старшыні Міжнароднага адукацыйнага аб’яднання «Хрысціянскі Адукацыйны Цэнтр імя свв. Мяфодзія і Кірыла» Рыгор Даўгяла, сёлета ЛБІ будзе праваслаўна-каталіцкім, накіраваным на тое, каб кожная з канфесій магла раскрыць свае традыцыі і зняць існуючыя стэрэатыпы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Акрамя гэтага ўвага слухачоў будзе звернута на пытанні хрысціянскай біяэтыкі. Сярод слухачоў — урачы, настаўнікі, журналісты, бізнесмены, студэнты іншых спецыяльнасцяў. «Летні інстытут», як адзначыў галоўны каардынатар праекта Рыгор Даўгяла, ствараўся з мэтай «далучэння ў багаслоўскі кантэкст свецкіх, якія не маюць багаслоўскай адукацыі і цікавяцца не толькі абрадамі, а імкнуцца праецыраваць царкоўнае вучэнне на сваё асабістае жыццё», а таксама даць арыенцір да самаадукацыі ў пытаннях навука і рэлігія, узаемаадносіны Царквы і дзяржавы, г.д. З водгукаў удзельнікаў, па словах Рыгора Даўгялы, відаць, што ЛБІ дае добрую базу для далейшых самастойных пошукаў у галіне багаслоўя, накрэслівае арыенцір на рынку рэлігійных прапаноў. Вядомы выпадкі, калі няверуючыя праз пазнаванне багаслоўя і гутаркі з іншымі ўдзельнікамі праекта прыходзілі да веры. За гэтыя 13 гадоў з’явілася сетка слухачоў ЛБІ, якія працягваюць кантактаваць паміж сабою і з выкладчыкамі. Калі вы жадаеце стаць удзельнікам «Летняга багаслоўскага інстытута» ў наступным годзе, сачыце за інфармацыяй на сайце Міжнароднага адукацыйнага аб’яднання «Хрысціянскі Адукацыйны Цэнтр імя свв. Мяфодзія і Кірыла». Валянціна Грамыка |